„Шахцёр” і менскае „Дынама” ідуць сінхронна



У суботу, 24 чэрвеня пачаўся 14-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. 

У сталічным дэрбі „Крумкачы” мінімальна саступілі „Дынама” – 0:1. Вырашальны стрэл на 53-й хвіліне ўдаўся сербскаму легіянеру Ніколу Лукічу. Менскае „Дынама” зноў перамагло з сваім улюбёным лікам.

У Жодзіне салігорскі „Шахцёр” давёў сваю перавагу над мясцовым белазаўскім „Тарпедам”. На 9-й хвіліне сваё прозвішча на табло высвеціў Віталь Лісаковіч. У другім тайме на 56-й іншы форвард гасцей Антон Лапцеў павялічыў перавагу салігорцаў. На 71-й хвіліне ў тарпедаўцаў вызначыўся Ягор Зубовіч. Выніковыя – 2:1 на карысць лідара першынства.

Яшчэ ў адной сустрэчы ў Гомелі спрачаліся мясцовы аднайменны клуб і ФК „Мінск”. На 18-й хвіліне вызначыўся ўкраінскі абаронец гасцей Сяргей Кулініч. На 76-й Іван Жосткін параўняў лік, а ажно на 94-й хвіліне ганскі нападнік Івенс Адамака прынёс тры ачкі „Гомелю” – выніковыя 2:1.

Адзін з цэнтральных матчаў туру пройдзе ў нядзелю ў Гародні – „Нёман” будзе прымаць чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ. Гэтыя каманды ідуць пакуль на 4-ым і 3-ім месцах адпаведна. 

Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. „Шахцёр” – 35 ачкоў, 2. „Дынама” (Менск) – 31, 3. БАТЭ – 27, 4. „Нёман” – 24.

Беларускае Радыё Рацыя