„Шахцёр” на сваім полі разграміў „Белшыну”



Салігорскі „Шахцёр” святкаваў буйную перамогу над бабруйскай „Белшынай” у паядынку 10-га тура чэмпіянату Беларусі. Гуляючы на сваім полі, салігорская каманда з першых хвілін захапіла ініцыятыву, і на 21-й хвіліне Раман Бягуноў замкнуў верхавую перадачу Ніколы Анціча.

У пачатку другой паловы сустрэчы госці правялі некалькі нападаў, але поспеху не дамагліся. Пасля гэтага гаспадары зноў сталі гуляць першым нумарам і тройчы засмуцілі брамніка супернікаў – галявы дубль аформіў Дзмітрый Падстрэлаў, а вынік падвёў Дарка Бодул – 4:0.

Таксама ў Мазыры мясцовая „Славія” разышлася мірам з „Гарадзеяй” – 1:1. Заключныя паядынкі тура пройдуць сёння: „Слуцк” прыме берасцейскі „Рух”, „Іслач” пазмагаецца з „Энергетыкам-БДУ”, а „Віцебск” паспрабуе аказаць супраціў сталічнаму „Дынама”. Матч паміж „Смалявічамі” і „Мінскам” перанесены на больш позні тэрмін.

Міхаіл Карнаухаў стаў гульцом новакузнецкага „Металурга”

Новакузнецкі „Металург”, які выступае ў ВХЛ, абвясціў аб заключэнні кантрактаў з шэрагам хакеістаў. Сярод іх – беларускі галкіпер Міхаіл Карнаухаў, які выступаў у апошнія гады за менскае „Дынама”. Выхаванец СДЮШАР „Юнацтва” і ЦСКА ў мінулым сезоне КХЛ правёў 12 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце пры каэфіцыенце надзейнасці 3,57 і 88,0% адбітых кідкоў. У агульнай складанасці за кар’еру ў лізе Міхаіл згуляў 44 матчы. 26-гадовы галкіпер мае вопыт выступаў за зборную Беларусі на ўзроўні чэмпіянатаў свету і кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў. Усяго на яго рахунку 9 матчаў у складзе нацыянальнай каманды, – адзначае афіцыйны сайт „Кузні”.

Жаночы баскетбольны чэмпіянат Беларусі завершаны

Жаночы чэмпіянат Беларусі па баскетболе завершаны датэрмінова. Мужчынскае першынства будзе дагулянае ў верасні. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Мінспорту, Міністэрства аховы здароўя і ФІБА. Такім чынам, выніковыя месцы жаночых каманд размеркаваны ў адпаведнасці з пазіцыямі, занятымі па выніках другога этапу першынства. Чэмпіёнкамі Беларусі чацвёрты раз запар і шосты ў гісторыі сталі баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск”, срэбра ў „Гарызонта”, бронзавыя медалі ў гарадзенскай „Алімпіі”. Што тычыцца спаборніцтваў мужчынскіх каманд, то вырашальны этап – „Фінал чатырох” – запланавана правесці ў верасні. За ўзнагароды будуць змагацца „Цмокi-Мiнск”, магілёўскі „Барысфен”, „Гродна-93” і віцебскі „Рубон”.

Вікторыя Азаранка ў чэрвені возьме ўдзел у жаночым аналагу Кубка Лэйвера

Экс-першая ракетка Беларусі Вікторыя Азаранка плануе выступіць на выставачным турніры ў Чарльстане, які стартуе 23 чэрвеня. СМІ ўжо паспелі ахрысціць спаборніцтвы жаночым аналагам Кубка Лэйвера.

У турніры арыенціровачна прымуць удзел таксама Б’янка Андрэеску, Слоан Стывенс, Мэдысан Кіз, Соф’я Кенін, Аманда Анісімава, Моніка Пуіг, Айла Тамлянавіч, Даніэль Колінз, Элісан Рыск, Шэлбі Роджэрс, Бетані Матэк-Сэндс, Джэніфер Брэйдзі і Эжэні Бушар.

Памёр пераможца васьмі турніраў Вялікага шлема Эшлі Купер

На 84-м годзе жыцця памёр аўстралійскі тэнісіст Эшлі Купер, паведамляе Reuters. У апошнія гады ён сур’ёзна хварэў. За сваю кар’еру Купер выйграў восем турніраў Вялікага шлему. У 1958-м ён стаў пераможцам Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, Уімблдона і Адкрытага чэмпіянату ЗША. У выніку аўстраліец увайшоў у гісторыю, выйграўшы тры турніры Вялікага шлему на працягу года. Вялікіх поспехаў тэнісіст дамогся і ў парным разрадзе. Так, ён чатыры разы выйграваў турніры Вялікага шлему ў парным разрадзе. Акрамя таго, у 1957 годзе Купер дапамог зборнай Аўстраліі выйграць Кубак Дэвіса.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя