„Шахцёр” на ўзлёт, „Крумкачы” складаюць крылы



У разгары 28-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. У суботу салігорскі „Шахцёр”, які ідзе першым у турнірнай табіцы, гасцяваў у апошняй каманды лігі, якая пакідае мацнейшы дывізіён – наваполацкага „Нафтана”. Прыезджая каманда пад кіраваннем польскага трэнера Марэка Зуба ўпэўнена разграміла „хімікаў” – 5:1. Усё было ясней яснага неба ўжо на 8-й хвіліне, калі салігорцы вызначыліся двойчы – мячы забілі Максім Бардачоў і Юрый Кавалёў. Праўда, неўзабаве Арцём Цяплоў скараціў розніцу ў ліку, але яшчэ да перапынку Дзяніс Лапцеў запісаў на табло сваё прозвішча. У другім тайме Мікалай Януш забіў з пенальці, а ў самай канцоўцы капітан „Шахцёра” Павел Рыбак дабіў нафтанаўцаў, якія нахапалі жоўтых картак і гулялі ўжо без двух футбалістаў. Салігорцы, набраўшы 65 ачкоў, цяпер зверху паглядаюць на пераследнікаў. У менскага „Дынама” зараз 59 пунктаў, у БАТЭ – 58 і па гульні ў запасе.

Менскія „Крумкачы” даўно забыліся пра смак перамогі ў чэмпіянаце. Няўдала склаўся для гэтай каманды і суботні матч – на сваім полі „груганы” саступілі 0:1 пасрэднаму сёлета „Гомелю”. У першым тайме Філіп Іваноў не рэалізаваў пенальці, стрэліўшы ў папярэчыну брамы. А ў другой палове поспех святкавалі гомельцы – вызначыўся івуарыйскі легіянер Ісмаіл Сора. „Крумкачы” зараз „завіслі” блізка ад зоны вылету і застацца ў вышэйшай лізе ім будзе праблематычна.

Напярэдадні „Іслач”, якая гераічна сама сябе выцягвае з балота, выйграла ў Віцебску ў аднайменнага клуба – 2:0. Магілёўскі „Дняпро” з хакейным лікам 5:3 перамог дома непасрэднага канкурэнта – мазырскую „Славію”. 

Нізіна турнірнай табліцы зараз выглядае так: 11-е месца. „Дняпро” (Магілёў) – 25 ачкоў, 12. ФК „Менск” – 22, 13. „Крумкачы” – 22, 14. „Іслач” – 21, 15. „Славія” – 20, 16. „Нафтан” – 10.

Беларускае Радыё Рацыя