«Пяст» вылецеў з Лігі Еўропы



Футбалісты „Шахцёра” згулялі ўнічыю ў гасцях з дацкім „Эсбьергам” – 0:0 і выйшлі ў 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы. Пасля перамогі ў Салігорску з лікам 2:0 галоўны трэнер беларусаў Сяргей Ташуеў зрабіў акцэнт на абарону. Дацкая каманда мела некалькі шанцаў, каб адкрыць лік. У канцоўцы сустрэчы „Шахцёр” правёў некалькі небяспечных нападаў, якія маглі завяршыцца ўзяццем брамы „Эсбьерга”, але футбалістам з Салігорска не хапіла дакладнасці пры завяршальных ударах. У 3-м раўндзе кваліфікацыі сапернікам салігорскага „Шахцёра” стане італьянскі „Тарына”. Першы матч пройдзе 8 жніўня ў гасцях, а 15 жніўня гульня адбудзецца ў Салігорску.

«Пяст» вылецеў з Лігі Еўропы

Казахстанская „Астана” з беларускім паўабаронцам Іванам Маеўскім у складзе выйграла на сваім полі ў андорскага клуба „Санта-Калома” з лікам 4:1. У шэрагах пераможцаў хет-трык аформіў харвацкі легіянер Марын Томас. У першай гульні, якая адбылася тыдзень таму ў Андоры, сапернікі разышліся мірам – 0:0. Наступным апанентам „Астаны” будзе мальтыйская „Валета”. У матчы ў адказ „Рыга” на хатняй арэне перамагла „Пяст” – 2:1. Першая сустрэча скончылася з лікам 3:2 на карысць польскага клуба. Такім чынам, у наступны раўнд па суме дзвюх сустрэч прабілася латвійская каманда.

Канцавы далучыцца да Карніцкага ў „Мезекевешд-Жоры”

Паўабаронца „Дняпро” Арцём Канцавы на правах арэнды да канца сезона перайшоў у клуб наймацнейшага вугорскага дывізіёна „Мезекевешд-Жоры”. Кіраўніцтва і трэнерскі штаб магілёўскага клуба былі таксама зацікаўлены ў паслугах Арцёма, але не сталі перашкаджаць жаданню футбаліста паспрабаваць свае сілы ў замежным чэмпіянаце, адзначае прэс-служба „Дняпро”. У бягучым сезоне Канцавы правёў за „Дняпро” (у чэмпіянаце і Кубку) 6 матчаў і вызначыўся 2 выніковымі перадачамі. Адзначым, што ў клубе „Мезекевешд” выступае іншы беларус Аляксандр Карніцкі.

Азаранка прайграла Векіч у Сан-Хасэ

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру ў амерыканскім Сан-Хасэ. У паядынку 1/8 фіналу беларуска саступіла харвацкай тэнісістцы Доне Векіч у двух сэтах – 4:6, 3:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 25 хвілін. На старце турніру Вікторыя Азаранка перайграла прадстаўніцу Францыі Армані Тан – 6:2, 6:4. У матчы за выхад у паўфінал Дона Векіч сустрэнецца з амерыканкай Крысці Ан.

Біятланісты правядуць збор у Італіі

Зборная Беларусі па біятлоне адправілася ў італьянскі Антхольц на вучэбна-трэніровачны збор, які працягнецца да 21 жніўня. Склад каманды апублікавала прэс-служба Беларускай федэрацыі біятлона. Склад жаночай каманды: Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына і Алена Кручынкіны. Мужчыны: Раман Елетнаў, Сяргей Бачарнікаў, Антон Смольскі, Максім Верабей, Віктар Крыўко, Дзмітрый Лазоўскі і Мікіта Лабастаў.

Беларусы згуляюць з чэхамі на старце ЧС па хакею

Стаў вядомы першы сапернік беларусаў на Чэмпіянаце свету-2020 па хакеі. Міжнародная федэрацыі хакея апублікавала каляндар гульняў сусветнага форуму, які пройдзе з 8 па 24 траўня 2020 года ў Швейцарыі. Зборная Беларусі трапіла ў групу «А», дзе яе сапернікамі стануць Чэхія, Швецыя, Славакія, Канада, Нямеччына, Данія і Вялікабрытанія. Свае матчы беларусы будуць праводзіць у Лазане. Зборная Беларусі пачне турнір сустрэчай з чэхамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя