„Шахцёр” разграміў БАТЭ



Салігорскі „Шахцёр” працягвае змаганне за сярэбраныя медалі нацыянальнага чэмпіянату па футболе. У прапушчаным матчы 28 тура салігорцы на сваім полі разграмілі чэмпіёна краіны – барысаўскі БАТЭ з лікам 3:0. БАТЭ 11 гадоў не прайграваў у першынстве Беларусі з такім вынікам – апошні раз 0:3 ад менскага МТЗ у 2007 годзе. 

БАТЭ, які датэрмінова забяспечыў сабе золата, не змог настроіцца на гульню належным чынам. І гэта пры тым, што галоўны трэнер барысаўцаў Аляксей Бага даў адпачыць толькі двум гульцам асновы – не выйшлі на газон Ігар Стасевіч і Станіслаў Драгун.

На 6-й хвіліне лік адкрыў форвард гарнякоў Дзяніс Лапцеў. Ён жа за 7 хвілін да канца сустрэчы падвоіў лік. Дабіў БАТЭ на 85-й хвіліне Эліс Бакай з пенальці.

Такім чынам „Шахцёр” вярнуўся на другі радок турнірнай табліцы. За два туры да канца чэмпіянату яе вяршыня выглядае так:

1. БАТЭ – 69 ачкоў

2. „Шахцёр” – 58

3. „Дынама” Менск – 57

4. ФК „Віцебск” – 56

Беларускае Радыё Рацыя