Шкурдай пабіла рэкорд Беларусі на дыстанцыі 200 метраў комплексам
Беларуска Настасся Шкурдай усталявала нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 метраў комплексным плаваннем на кароткай вадзе.
17-гадовая плыўчыха фінішавала трэцяй у заплыве ў рамках міжнароднай лігі плавання ў Будапешце з вынікам 2 хвіліны 7,69 секунды. Шкурдай перасягнула ранейшае дасягненне, якое было ўсталявана Ганнай Шчэрбай ў 2002 годзе – 2 хвіліны 10,23 секунды. Перамогу ў сталіцы Вугоршчыны святкавала японка Юі Охасі.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” згулялі ўнічыю з „Нёманам” на фінішы чэмпіянату Беларусі
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” згулялі ўнічыю з гарадзенскім „Нёманам” – 1:1 у апошнім матчы жаночага чэмпіянату Беларусі. Да гэтага дынамаўская каманда святкавала дваццаць вікторый запар.
Падначаленыя Юрыя Малеева толькі ў апошнім туры страцілі ачко, а да гэтага ішлі без страт. Спартоўкі „Дынама-БДУФК” сёлета дэбютавалі ў нацыянальным першынстве і адразу заваявалі залатыя медалі. Гарадзенская дружына стала бронзавым прызёрам.
Уладальніцамі срэбра сталі футбалісткі „Мінска”, якія разграмілі ў заключным матчы юніёрскую зборную Беларусі (U-19) з лікам 3:0. Да гэтага сезону мянчанкі сем гадоў запар станавіліся чэмпіёнкамі Беларусі.
Менскае „Дынама” хоча падпісаць Лапцева
Форвард берасцейскага „Дынама” Дзяніс Лапцеў трапіў у сферу інтарэсаў менскага „Дынама”. Пра гэта паведамляе Уладзіслаў Татур ў Тэлеграме. Менчукі хочуць падпісаць нападніка ў зімовае трансфернае акно. Лапцеў ў гэтым сезоне правёў 24 матчы ў вышэйшай лізе і забіў дзесяць мячоў.
Аляксей Бага ўзначаліць казахстанскі „Актобэ”
Беларускі спецыяліст Аляксей Бага стане новым галоўным трэнерам казахстанскага „Актобэ”. Кантракт з клубам будзе падпісаны ў канцы лістапада і разлічаны на два гады з магчымым працягам. На сезон-2021 перад Багам паставяць задачу вывесці каманду ў еўракубкі, паведамляе vesti.kz. Клуб у гэтым сезоне вярнуўся ў казахстанскую прэм’ер-лігу праз год пасля вылету ў першы дывізіён. Аляксей Бага цяпер працуе галоўным трэнерам літоўскага „Жальгірыса”.
Леанід Кучук можа ўзначаліць львоўскі „Рух”
Беларускі настаўнік менскага „Дынама” Леанід Кучук можа ўзначаліць львоўскі „Рух”. Паводле інфармацыі „Футбол Украіны”, кіраўніцтва „Руху” вядзе перамовы са спецыялістам. Калі прэзідэнту львоўскага клуба Рыгору Казлоўскаму ўдасца ўгаварыць трэнера, то ён, магчыма, пасля заканчэння сезону ў Беларусі пяройдзе ў „Рух”. Цяперашні галоўны трэнер „Руху” Іван Федык апавешчаны пра перамовы з Леанідам Кучуком і Юрыем Вернідубам, ён не супраць увайсці ў трэнерскі штаб каго-небудзь з іх – асістэнтам або трэнерам-аналітыкам. Кучук ужо працаваў з „Рухам” у 2019 годзе.
Беларускія самбісты выйгралі 13 узнагарод на ЧС у Сербіі
Беларускія самбісты выйгралі 13 узнагарод рознай вартасці на чэмпіянаце свету-2020, які завяршыўся ў сербскім Нові-Садзе.
У спартовым раздзеле медалямі вышэйшай пробы скарбонку беларускай каманды папоўнілі Анжэла Жылінская (у вазе 72 кг), Аляксандр Кокша (75 кг) і Андрэй Казусёнак (100 кг), для якога гэта чацвёртае золата планетарных форумаў у кар’еры. Варта адзначыць, што беларуская каманда заняла другое месца ў агульнакамандным заліку, прапусціўшы наперад толькі расейскую дружыну.
Клінкхамер і Парэ не дапамогуць „Дынама” ў матчах выязной серыі чэмпіянату КХЛ
Роб Клінкхамер і Франсіс Парэ не дапамогуць „Дынама” ў матчах выязной серыі чэмпіянату КХЛ. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце „зуброў”. Абодвы нападнікі змушаныя застацца ў Менску па медыцынскіх паказаннях. У Роба Клінкхамера – пашкоджанне ніжняй часткі цела, у Франсіса Парэ — прастуда. На дадзены момант у спісе траўмаваных усё яшчэ застаюцца Адам Альмквіст, Аляксандр Когалеў і Вячаслаў Грэцкі. Сёння каманда адпраўляецца на выязную серыю матчаў – у Навасібірск, Хабараўск і Нур-Султан. 11 лістапада менчукі правядуць матч з „Сібір’ю”. „Дынама” займае шостае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі, набраўшы 24 ачкі ў 22-х матчах.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сайта brestcity.com
