Штурхальнік ядра Алег Тамашэвіч – чэмпіён юніёрскага ЧЕ



Беларус Алег Тамашэвіч перамог у штурханні ядра на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі.

У другой спробе ён выйшаў у лідары, даслаўшы шасцікілаграмовы снарад на 20 метраў 53 сантыметры, а ў пятым выхадзе ў сектар Алег Тамашэвіч паказаў вынік 21 метр 32 сантыметры. Срэбраным прызёрам чэмпіянату стаў паляк Войцэх Марак – 20 метраў 7 сантыметраў, а на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняўся турак Алперэн Карахан. Беларус Аляксей Александровіч заняў чацвёртае месца.

Беларускія «пляжнікі» удала стартавалі ў Маскве

Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна пачала выступы ў кваліфікацыйным турніры чэмпіянату свету ў Маскве. У стартавым паядынку папярэдняй групы Е беларусы ўпэўнена перайгралі каманду Турцыі з лікам 6:3. Першы перыяд беларускія футбалісты правялі вельмі зладжана і забілі 4 мячы ў браму супернікаў. Пасля перапынку каманды абмяняліся галамі, а ў заключнай трэці туркі вызначыліся двойчы, беларусы – адзін раз. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Юрый Пятроўскі, дубль у актыве Алега Гапона, яшчэ адзін мяч на рахунку Вадзіма Бокача. У другім туры заўтра беларуская каманда згуляе з літоўцамі, а 22 ліпеня завершыць першы этап гульнёй са Швейцарыяй.

Алжырцы другі раз выйгралі Кубак Афрыкі

Футбалісты зборнай Алжыра другі раз сталі пераможцамі розыгрышу Кубка афрыканскіх нацый, які завяршыўся ў Егіпце. У вырашальным паядынку ў Каіры алжырцы адкрылі лік ужо на 2-й хвіліне, калі мяч пасля ўдару Багдаду Бунеджаха рыкашэтам ад аднаго з абаронцаў супернікаў трапіў у браму. У далейшым сенегальскія футбалісты цалкам валодалі ініцыятывай, мелі нямала магчымасцяў, але так і не змаглі адыграцца. Гэта другая перамога алжырцаў у Кубку афрыканскіх нацый – у 1990-м яны абыгралі ў фінале нігерыйцаў 1:0.

Лукашэвіч перайшоў гуляць у Сербію

Абаронца „Тарпеда”-БелАЗ Ілля Лукашэвіч перайшоў у сербскі „Пралетэр” з Нові Саду. У адпаведнасці з умовамі трансфернага кантракта, сербскі клуб набыў у жодзінцаў 100% спартовых і эканамічных правоў на футбаліста, паведамляе афіцыйны сайт аўтазаводцаў. Гулец перайшоў у „Тарпеда”-БелАЗ з „Мінска” ў студзені, але за асноўны склад не правёў ніводнага матчу, выступаючы ў першынстве дублёраў.

«Інтэр» павялічыў прапанову па Лукаку

Нападнік „Манчэстар Юнайтэд” Рамелу Лукаку можа працягнуць кар’еру ў Італіі. Міланскі „Інтэр” павялічыў суму прапановы па бельгійцу да 83 мільёнаў еўра. Раней „МЮ” адмаўляўся адпускаць Лукаку ў італьянскі клуб. Па дадзеных крыніцы, нават гэтай сумы будзе недастаткова, каб пераканаць „чырвоных д’яблаў”, якія хочуць атрымаць за продаж Лукаку не менш за 90 мільёнаў еўра.

БГК даведаўся супернікаў па  SEHA-лізе

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова даведаўся супернікаў па групавым этапе чарговага 9-га па ліку сезона SEHA-Лігі. У папярэдняй групе В супернікамі чэмпіёнаў Беларусі будуць вугорскі „Веспрэм”, харвацкі „Заграб”, сербская „Металапластыка”, а таксама два дэбютанты — паўночнамакедонскі „Работнік” і кітайская каманда Пекінскага спартовага ўніверсітэта. Групавы этап пачнецца ў верасні, а завершыцца ў снежні. Па дзве лепшыя каманды з кожнай групы адразу трапяць у чвэрцьфінальную стадыю. Яшчэ чатыры пуцёўкі ў 1/4 фіналу разыграюць клубы, якія зоймуць 3 – 6-е месцы. Па выніках чвэрцьфінальных сустрэч вызначыцца квартэт, які ў пачатку красавіка 2020 года згуляе ў „фінале Чатырох.” У мінулым сезоне вырашальны этап SEHA-лігі праходзіў у Берасці, а БГК імя Мяшкова заваяваў бронзу, перамогшы „Нексе” – 24:19.

Пажылы бягун паставіў новы рэкорд у бегу на 5 кіламетраў

96-гадовы Рой Энглерт усталяваў новы сусветны рэкорд у бегу на пяць кіламетраў ва ўзроставай катэгорыі ад 95 да 99 гадоў, паведамляе Runners World.

На пераадоленне дыстанцыі яму спатрэбіліся 42 хвіліны і 30 секунд, што на восем хвілін хучэй за папярэдні рэкорд. Пасля 95 амаль ніхто не бегае на такія адлегласці, таму ён проста імкнецца паказаць найлепшы час. «Проста перажыў амаль усіх супернікаў, таму не адчуваю асаблівай канкурэнцыі», – сказаў Энглерт.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БФЛА