Шведская „Фрэлунда” другі раз запар выйграла хакейную Лігу чэмпіёнаў



Хакеісты шведскай „Фрэлунды” другі раз запар сталі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы ў фінале чэшскую „Спарту”.

Фінальны матч, што праходзіў у Гётэбаргу ў прысутнасці 6 тыс. гледачоў, атрымаўся роўным. Госці з Прагі не звярталі ўвагі на гарачых шведскіх фанатаў, і ўжо на 3-й мінуце гульні Лукаш Цынгел адкрыў лік. У сярэдзіне перыяду амерыканскі легіянер гаспадароў Кейсі Уэлмен усталяваў раўнавагу. У хуткім часе чэхі зноў выйшлі наперад пасля кідка Петра Враны, але Джоэл Лундквіст тут жа зрабіў лік роўным – 2:2. У другой 20-мінутцы Уэлмен аформіў галявы дубль, а ў заключным перыядзе Лукаш Клімек зраўнаваў рэзультат, перавёўшы гульню ў дадатковы час. Авертайм быў нядоўгім: не прайшло і паўтары мінуты, як дакладны кідок Нікласа Ласу прынёс перамогу „Фрэлундзе” – 4:3. Хакеісты мінскага „Юнацтва” сустракаліся са шведскай дружынай у 1/16 фіналу і здолелі перамагчы на сваёй арэне 3:2, а ў Гётэбаргу прайгралі з лікам 0:5.

Сярод бамбардзіраў цяперашняй Лігі чэмпіёнаў лепшымі сталі прадстаўнікі пераможцаў, якія набралі па 14 ачкоў па сістэме „гол+пас”: Кейсі Уэлмен (8+6) і Джоэл Лундсквіст (4+10).

Хакеісты „Фрэлунды” трэці раз запар гулялі ў вырашальным паядынку Лігі чэмпіёнаў – у 2015 годзе яны ўступілі яшчэ аднаму шведскаму клубу „Лулеа” (2:4), а ў мінулым сезоне былі мацнейшыя за фінскі „Кярпят” (2:1).

belta.by