Швейцарцы разграмілі зборную Беларусі



Зборная Беларусі па хакеі пацярпела на чэмпіянаце свету ў Латвіі разгромную паразу ў матчы са Швейцарыяй – 0:6.

Швейцарцы валодалі адчувальным перавагай, закінуўшы па дзве шайбы ў кожным з перыядаў. Гэтая параза стала для падначаленых Міхаіла Захарава чацвёртай запар на чэмпіянаце. Пасля шасці матчаў беларусы займаюць апошняе месца ў групе. Па рэгламенце сёлета ніводная з каманд з вышэйшага дывізіёна ня вылятае. Першага чэрвеня зборная Беларусі згуляе супраць расейцаў. Гэты матч стане для яе апошнім на чэмпіянаце свету, так як шанцы на плэй-оф пасля паразы ад швейцарцаў былі страчаны. У іншым матчы групы А шведы выйгралі ў славакаў – 3:1. У групе В фіны толькі за чатыры секунды да канца авертайма змаглі зламіць супраціў латвійскай дружыны – 3:2.

„Мяшкоў Брэст” у 13-ы раз стаў уладальнікам Кубка Беларусі

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” у 13-ы раз  сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У фінальным паядынку чэмпіёны краіны ва ўпартай барацьбе адолелі гандбалістаў мінскага СКА з лікам 34:33. Гэты матч стаў апошнім для галоўнага трэнера брэсцкага клуба Рауля Алонса. У наступным сезоне яго зменіць іншы іспанскі спецыяліст Даніэль Гардо. У паўфінале „мяшкоўцы” перамаглі гандбалістаў „Гомеля” – 35:29, а мінчане разграмілі магілёўскі клуб „Машэка” 32:23.

Беларускія валейбалісты саступілі туркам у матчы залатой Еўралігі

Беларускія валейбалісты саступілі туркам у матчы залатой Еўралігі з лікам 0:3. У каманды Віктара Бекшы не атрымалася гульня на прыёме, з-за чаго было цяжка дзейнічаць першым тэмпам супраць арганізаванага блока турак. Самым выніковым гульцом беларускай дружыны стаў Уладзіслаў Бабкевіч, які набраў 13 ачкоў.

Валейбалісткі зборнай Беларусі саступілі харваткам у матчы залатой Еўралігі

Валейбалісткі зборнай Беларусі саступілі харваткам ў сваім другім матчы залатой Еўралігі з лікам 0:3. Самым выніковым гульцом у складзе зборнай Беларусі стала Ганна Клімец, на рахунку якой 13 ачкоў. Пасля гэтай паразы беларускі займаюць у групе С трэцяе месца з адной перамогай і трыма ачкамі пасля дзвюх гульняў.

Гарноська выйграла бронзу на этапе КС па мастацкай гімнастыцы

Аліна Гарноська выйграла бронзу ў фіналах асобных відаў на этапе Кубка свету ў італьянскім Пезара. Беларуская спартоўка заняла трэцяе месца ў практыкаванні са стужкай. Перамогу святкавала Арына Аверына з Расіі. У кампазіцыі з булавамі Аліна Гарноська спынілася за крок ад п’едэстала, саступіўшы сёстрам Аверыным і ізраільцянцы Лінай Ашрам.

На рахунку беларускіх грацый на этапе Кубка свету тры бронзавыя ўзнагароды.

Тры беларускія тэнісісткі перамаглі на старце „Ралан Гарос”

Тры беларускія тэнісісткі пераможна пачалі выступы на адкрытым чэмпіянаце Францыі ў Парыжы. У матчы 1/64 фіналу чацвёртая ракетка планеты Арына Сабаленка перамагла ў дзвюх партыях харвацкую тэнісістку Ану Конюх – 6:4, 6:3. Наступнай саперніцай Арыны будзе яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч, якая адолела ў трохсэтавым паядынку французскую тэнісістку Дыян Пары – 6:3, 3:6, 6:3. Экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла расійскую тэнісістку Святлану Кузняцову  – 6:4, 2:6, 6:3.

„Энергетык-БДУ” выйграў у берасцейскага „Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты „Энергетыка-БДУ” абыгралі ў гасцях берасцейскае „Дынама” ў апошнім матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі. Дынамаўцы мелі перавагу на працягу ўсёй сустрэчы, але рэалізаваць яе не змаглі. А на 56-й хвіліне Арцём Васільеў забіў адзіны гол у гэтай гульні – 1:0 на карысць гасцей.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: CTK Photo/Vit Simanek