Швецыя – хакейны чэмпіён свету!



У ноч з 21 на 22 траўня вызначыўся чарговы чэмпіён свету па хакеі. У фінальным паядынку зышліся хакеісты Канады і Швецыі.

Першы перыяд галоў не прынёс. Другі прайшоў з перавагай „клёнавых лістоў”. Тым кур’ёзней сталася шайба ў самай канцоўцы перыяду: канадцы якраз атрымалі колькасную большасць, але пазяхнулі контрвыпад „трэ крунур”. Пасля накіду абаронца шведаў Віктара Хедмана ў бок брамкі Канады шайба літаральна запаўзла паміж шчыткоў галкіпера Пікара. 

Адыграліся паўночнаамерыканцы ў пачатку трэцяга перыяду, рэалізаваўшы колькасную бальшыню. Гэта харызматычны барадач Раян О’Райлі ўдала спрацаваў на дабіванні – шайба ад шлема брамніка Лундквіста заляцела ў сетку – 1:1. У заключныя хвіліны спярша шведы мелі „лішняга” гульца на пляцоўцы, а пад фінальную сірэну ўжо Канада штурмавала брамку скандынаваў ў бальшыні. Аднак сустрэча перайшла ў авертайм. Паводле рэгламенту ён у фінале не звычайны 5-хвілінны, а складаецца ажно з 20 хвілін.

Дадатковы час праходзіў надзвычай дынамічна і відовішчна, амаль без спынення секундамера. Брамнікі працавалі, як кажуць, у поце твару і дзеілі бліскуча. Ніхто не хацеў даводзіць справу да булітаў, але ўрэшце дайшло і да іх.

У серыі хакейных пенальці шведы закінулі двойчы з чатырох спробаў, паўночнаамерыканцы аніводнага разу таксама з чатырох. Тры разы шайбу адбіваў Хенрык Лундквіст, яшчэ аднойчы яна трапіла ў штангу. Швецыя 10-ы раз у гісторыі стала чэмпіёнам свету.

Бронзавыя ўзнагароды першынства выйграла Расея, якая ў матчы за 3-е месца перамагла Фінляндыю – 5:3.

Беларускае Радыё Рацыя