Шымановіч выйшла ў паўфінал турніру ў Нурсултане



Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч прабілася ў паўфінал турніру ў Нур-султане.

У чвэрцьфінале беларуска за 2,5 гадзіны адолела нямецкую тэнісістку Вівіян Хайзі – 6: 4, 4: 6, 6: 4. Заўтра ў барацьбе за выхад у фінал Ірына згуляе з чэшскай тэнісісткай Марыяй Баузкавай. На мужчынскім турніры ў казахстанскай сталіцы беларус Ягор Герасімаў у чвэрцьфінальным паядынку саступіў прадстаўніку Узбекістана Хумаюну Султанаву – 7: 6, 6: 7, 4: 6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 20 хвілін. Вечарам беларускі тэнісіст Ілля Івашка ў чвэрцьфінале турніру ў амерыканскім Ньюпорце сустрэнецца з французам Уга Умберам.

Патрык Весэль пакіне «Нёман»

Футбольны клуб „Нёман” і аўстрыйскі абаронца Патрык Весэль датэрмінова скасавалі кантракт па ўзаемнай згодзе. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Весэль апошнім заключыў кантракт з камандай перад стартам гэтага сезону, правёў некалькі матчаў за дублюючы склад жоўта-зялёных, а 4 траўня дэбютаваў у галоўнай камандзе. У матчах з жодзінскім „Тарпеда” – БелАЗ і магілёўскім „Дняпром” каманда не прапускала, а потым здарыліся некалькі запар паразаў, і пасля матчу з „Менскам” аўстрыец больш на поле галоўнай гарадзенскай арэны не выходзіў, выступаючы за дублюючы склад „Нёмана”.

Алжыр і Сенегал разыграюць Кубак Афрыкі

Сёння адбудзецца фінал футбольнага Кубка афрыканскіх нацый. У вырашальным матчы сыдуцца зборныя Алжыра і Сенегала. Пачатак – у 22.00. „Лісы пустыні” трэці раз згуляюць у фінальнай сустрэчы кантынентальнага першынства. У 1980-м каманда засталася са срэбрам, а праз дзесяць гадоў ўзяла тытул. Зборная Сенегала правядзе другі фінал у гісторыі. Раней „Львы Тарангі” удзельнічалі ў гульні за золата ў 2002-м, і тая спроба не была паспяховай. Супернікі правялі пятнаццаць гульняў, шэсць з якіх засталіся за алжырцамі, чатыры – за сенегальцамі, а пяць разоў фіксавалася нічыя.

Папок фінішаваў трэцім у гонцы ў Кітаі

Гоншчык каманды „Мінск” Сяргей Папок фінішаваў трэцім на шостым этапе прэстыжнай велагонкі на шашы Tour of Qinghai Lake ў Кітаі. Адрэзак 136 км у неспрыяльных умовах надвор’я беларус праехаў за 2 гадзіны 52 хвіліны 57 секунд. У фінішным спурце ён саступіў толькі Эдуарду Міхаэлю Гросу з Румыніі і Імерыё Чыме з Італіі. Сёмы этап гонкі  працягнецца заўтра раздзельным стартам на час.

Украінцы «Дынама» сталі героямі блога «Трындзец»

Украінскія гульцы берасцейскага „Дынама” Арцём Мілеўскі, Аляксандр Наёк і Аляксей Хабленка сталі героямі выпуску YouTube-блога „Трындзец”. Наёк правёў экскурсію па клубнай базе і Берасцейскай крэпасці. Мілеўскі і Хабленка падзяліліся меркаваннем пра жыццё ў Берасці. У блога „Трындзец” на бягучы момант 83 тысячы падпісчыкаў.  У той час як у афіцыйнага YouTube-канала берасцкага „Дынама” – 11 тысяч.

Грышын прадае алімпійскія медалі – грошы пойдуць на аперацыю блізкаму чалавеку

Стала вядома, чаму Аляксей Грышын прадае свае алімпійскія медалі

Чэмпіён Ванкувера-2010 не хацеў, каб яго рашэнне прадаць алімпійскія медалі стала здабыткам грамадскасці. Аднак пасля таго, як інфармацыя з’явілася ў сетцы, ён пракаментаваў сітуацыю.

– Медалі на самой справе выстаўлены на аўкцыён, – распавёў Аляксей. – Прычына – блізкаму чалавеку патрэбна сур’ёзная аперацыя і вельмі вялікія грошы. Іншай магчымасці дапамагчы яму, акрамя як прадаць медалі, на жаль, цяпер няма. Усе выручаныя грошы пойдуць на лячэнне. Не хацеў піярыцца на тым, што дапамагаю, адзначыў алімпійскі чэмпіён.

Медалі Аляксея Грышына прадаюцца на сайце RR Auction. За золата давалі 31 тысячу даляраў, за бронзу – 15,5 тысяч. Як растлумачыў Аляксей, гэтую амерыканскую пляцоўку ён абраў, таму што там актыўна працуюць з аўтографамі і медалямі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tennis.by