СКА знішчыў менскае Дынама



СКА знішчыў менскае Дынама ў першым матчы плэй-оф Кубка Гагарына.

У рамках першага матча 1/4 фіналу Заходняй канферэнцыі плей-оф Кубка Гагарына менскае Дынама было знішчана піцерскім СКА з лікам 3:8. Першы і трэці перыяд застаўся за зубрамі (2:1, 1:0), аднак менчукі поўнасцю правалілі другі адрэзак, прапусціўшы сем шайбаў у адказ.

Гусеў набраў 6 (1+5) ачкоў у матчы і ўсталяваў рэкорд выніковасці за адзін матч плэй-оф КХЛ. Другі матч серыі таксама пройдзе ў Санкт-Пецярбургу – 4 сакавіка.

Дзмітрый Ціхан – выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера „Мяшкоў Берасце”

У найбліжэйшы час выконваць абавязкі галоўнага трэнера „Мяшкоў Берасце” будзе 44-гадовы беларускі спецыяліст Дзмітрый Ціхан. З 2006 па 2015 гады ён працаваў рулявым у гарадзенскім „Кронане”. Пад кіраўніцтвам Ціхана раскрыўся адзін з лепшых айчынных гандбалістаў Арцём Каралёк.

У 2009-м Дзмітрый Валер’евіч уваходзіў у штаб маладзёжнай (U-21) зборнай Беларусі. У 2015-м настаўнік з’ехаў у Польшчу. Пад яго кіраўніцтвам клуб АЗС-АВФ з Бяла-Падляскі ў першы ж сезон вярнуўся з трэцяга дывізіёна ў другі і ў далейшым замацаваўся ў верхняй частцы турнірнай табліцы. Улетку 2021-га Ціхан пакінуў Польшчу, а ў лютым 2022-га вярнуўся ў штаб „Кронана”, стаўшы памочнікам Ігара Сідзько.

„БГК дзякуе кіраўніцтву гарадзенскага клуба, якое пайшло насустрач Берасцю і адпусціла трэнера, нягледзячы на дзейны кантракт. Дзмітрый Ціхан будзе рыхтаваць каманду да бліжэйшага паядынку „Парыматч-Суперлігі” супраць сталічнага СКА, які пройдзе 5 сакавіка. Асіставаць яму будуць Павел Бавел і Раланда Пушнік.

Бабруйск стаў чацвёртым клубам, які выйшаў у паўфінальную серыю Вышэйшай лігі

Вызначыўся чацвёрты ўдзельнік плей-оф вышэйшай лігі, які павядзе барацьбу за галоўны трафей у паўфінальным раўндзе.

Ім стаў Бабруйск, які ў пяці матчах адолеў Шахцёр-2.bТакім чынам, у другім раундзе плей-оф згуляюць менскія зубры – Бабруйск і Юніёр – Беларусь U18.

Футбалісты „Смаргоні” працягваюць падрыхтоўку да сезона

Гулец ФК „Смаргонь” Аляксандр Францаў перанёс зімой планавую аперацыю. Аднаўленне футбаліста прайшло паспяхова і Аляксандр уключыўся ў працу. Да канца тыдня „мядзведзі” будуць працаваць у двухразовым рэжыме, чаргуючы трэніроўкі на полі з заняткамі ў трэнажорнай і фітнэс-залах. Найбліжэйшы матч ФК „Смаргонь” правядзе 7 сакавіка ў Менску. На стадыёне „Дынама-Юні” каманда згуляе з дублюючым складам сталічнага „Дынама”.

Раман Абрамовіч выставіў „Чэлсі” на продаж

Расейскі бізнесмен Раман Абрамовіч гатовы прадаць лонданскі „Чэлсі” за 4 мільярды фунтаў. Абрамовіч прапанаваў зацікаўленым бакам узяць удзел у таргах за клуб на гэтым тыдні. У ацэнках перспектыў здзелкі паведамляецца, што ўладальнік „Чэлсі” наўрад ці атрымае прапановы вышэй за 2 мільярды фунтаў.

Беларускае Радыё Рацыя