„Славія” – БАТЭ – 1:0



Барысаўскі БАТЭ ў першым матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў саступіў на чужым полі пражскай „Славіі” – 0:1. Вырашальным у гэтым паядынку стаўся эпізод на 19-й хвіліне, калі ў браму чэмпіёна Беларусі быў прызначаны пенальці за фол Яўгена Яблонскага. Горш таго, пры гэтым абаронца БАТЭ быў яшчэ выдалены – арбітр відавочна быў празмерна строгі і папсаваў гэтай чырвонай карткай гульню.

Пенальці рэалізаваў гулец з характэрным прзвішчам Шкода – галкіпер беларусаў Шчарбіцкі заўчасна плюхнуўся на траву, а мяч паляцеў па цэнтры.

У другім тайме кадрава і маральна аслаблены БАТЭ адбіваўся як мог, месцамі вельмі годна і ўрэшце захаваў не лепшыя, але не катастрафічныя лічбы на табло.

Напомнім, што ў гэтым паядынку БАТЭ выступаў без дыскваліфікаванага форварда Віталя Радзівонава, траўмаваных Аляксея Рыаса і Неманьі Мілунавіча. Не выйшаў на поле і Міхаіл Гардзяйчук.

Беларускае Радыё Рацыя