„Смалявічы” саступілі „Энергетыку-БДУ” ў матчы 7-га тура чэмпіянату Беларусі



Футбалісты менскага „Энергетыка-БДУ” абыгралі „Смалявічы” з лікам 2:0 у стартавым матчы 7-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме сустрэчы на поле барысаўскага гарадскога стадыёна госці выйшлі наперад на 17-й хвіліне пасля эфектнага ўдару лібэрыйскага легіянера Дэвіда Твэ. Пасля перапынку, на 6-й кампенсаванай хвіліне, узбекскі форвард Джасурбек Яхшыбоеў рэалізаваў пенальці, усталяваўшы канчатковы лік. Яшчэ тры паядынкі адбудуцца сёння. Цяперашнія лідары першынства футбалісты „Слуцка” згуляюць з менскім „Дынама” на полі галоўнай арэны краіны. Таксама „Мінск” прыме на сваім стадыёне гасцей з жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, а ў Берасці мясцовы „Рух” сустрэнецца з „Гарадзеяй”.

Футбалісткі „Мінска” разграмілі „Днепр” на старце жаночага чэмпіянату Беларусі

Дзеючыя чэмпіёнкі, уладальніцы Кубка і Суперкубка Беларусі футбалісткі „Мінска” пераможна стартавалі ў новым нацыянальным першынстве. Мінчанкі прымалі на сваім полі магілёўскі „Днепр” і яшчэ да перапынку пяць разоў забілі ў браму суперніц. У другой палове гульні яны забілі яшчэ столькі ж мячоў, у выніку 10:0. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіла нігерыйка Эмуедж Огбаягбевха. У першым паядынку цяперашняга чэмпіянату сталічнае „Дынама-БДУФК” разграміла футбалістак юніёрскай зборнай Беларусі з лікам 7:0.

Бундэсліга збіраецца працягнуць сезон у бліжэйшыя тыдні

Нямецкая Бундэсліга можа аднавіць сезон ужо ў самы бліжэйшы час.

Па інфармацыі кіраўніцтва Нямецкага футбольнага саюза, датай аднаўлення чэмпіяната значыцца 15 траўня. Футбольныя функцыянеры адзначылі, што на наступным тыдні ўрад павінен прыняць рашэнне аб аднаўленні на тэрыторыі ФРГ спартовых і іншых масавых мерапрыемстваў. Чэмпіянат Нямеччыны быў прыпынены ў пачатку сакавіка. Пасля 25 тураў у залаты гонцы застаюцца па сутнасці пяць клубаў:

Баварыя – 55;

Барусія (Д) – 51;

РБ Лейпцыг – 50;

Барусія М – 49;

Баер – 47. ачкоў.

Раней паведамлялася, што ангельская Прэм’ер-ліга можа аднавіць чэмпіянат у канцы ліпеня. А вось кіраўніцтва французскай Лігі 1 завяршыла сезон, а чэмпіёнам стаў ПСЖ.

Гіравік Вячаслаў Харанека прысвяціў новы рэкорд беларускім урачам

Міжнародная федэрацыя гіравога спорту зацвердзіла 161-ы рэкорд славутага беларускага гіравік Вячаслава Харанекі, які прысвяціў гэтае дасягненне беларускім лекарам. У Менску сертыфікат спартоўцу ўручыў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі гіравога спорту Міхаіл Рабец. Дасягненне Вячаслава Харанекі будзе ўнесена ў бліжэйшы выпуск расейскага выдання „Дзіва”, які фіксуе рэкорды ў розных галінах чалавечай дзейнасці. Рэкорд Вячаслаў Харанека ўсталяваў ў Менску у намінацыі „Гіравы спрынт” (жым гіры вагой 24 кг адной рукой напераменку лежачы з абмежаваннем часу 3 хвіліны).

„Апошняе дасягненне хачу прысвяціць нашым лекарам, якія змагаюцца з інфекцыяй. Яны робяць цяпер важную і вельмі патрэбную працу. Сапраўдныя героі!”, – адзначыў рэкардсмен.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя