Спартоўцы Германіі ўзначальваюць медальны залік пекінскай Алімпіяды



Немцы працягваюць узначальваць медальны залік XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў. Надзеі беларускіх заўзятараў на паспяховы выступ біятланістак не апраўдаліся: лепшай з іх была Дзінара Алімбекава, якая заняла 15-е месца. У лыжнай гонцы на 15 км класічным ходам адзіны прадстаўнік Беларусі Ягор Шпунтаў апынуўся на 68-й выніковай пазіцыі.
У лідэра медальнага заліку каманды Германіі 11 узнагарод: 7 залатых і 4 срэбраныя. На другім месцы спартоўцы Нарвегіі – 14 медалёў (6, 3, 5), трэцімі ідуць атлеты Нідэрландаў – 10 (5, 4, 1). Зборная Беларусі з адным срэбраным медалём займае 21-ю пазіцыю.
Удзельнікі пекінскай Алімпіяды сёння разыграюць 6 камплектаў узнагарод. Чакаецца выступ срэбранага прызёра пекінскіх Гульняў Антона Смольскага і яго таварышаў па біятлоннай камандзе Мікіты Лабастава, Дзмітрыя Лазоўскага і Максіма Вераб’я, якія будуць змагацца за ўзнагароды ў спрынтарскай гонцы на 10 км з двума агнявымі рубяжамі.
Беларускія канькабежцы сёння прымуць удзел у двух відах спаборніцкай праграмы. Марына Зуева, Кацярына Слоева і Яўгенія Вараб’ёва выступяць у каманднай гонцы. На дыстанцыі 500 м у мужчын на старт выйдзе Ігнат Галавацюк.
Без беларусаў сёння вызначацца чэмпіёны і прызёры ў спаборніцтвах па сноўбордзе, лыжных гонках і скачках на лыжах ды скелетоне.

Сасновіч прайграла Астапенцы

Аляксандра Сасновіч выбыла з тэніснага турніру WTA ў Санкт-Пецярбургу. Яе чвэрцьфінал з прадстаўніцай Латвіі Аленай Астапенка стаў „матчам памылак” — 6:7, 6:4, 3:6. У Сасновіч было 56 нявымушаных памылак, у саперніцы — 65. Да таго ж у беларускі быў дзясятак двайных памылак. Паядынак працягваўся дзве з паловай гадзіны.

Гандбалісты мінскага СКА адправіліся ў Швецыю на матч Кубка ЕГФ.

Гандбалісты мінскага СКА выправіліся ў Швецыю на першы матч 1/8 фіналу розыгрышу Кубка ЕГФ.
Галоўны трэнер віцэ-чэмпіёнаў Беларусі Ігар Папруга ўключыў у выязны склад 17 гандбалістаў. Першая гульня з гандбалістамі шведскага клуба „Шэўдэ” адбудзецца ў нядзелю, а паядынак у адказ за выхад у чвэрцьфінальную стадыю пройдзе 20 лютага на пляцоўцы мінскага спарткомплексу „Уручча”.

У таварыскім матчы берасцейскае „Дынама” абыграла „Маларыту”

У сваім другім матчы на турніры Winter Cup 2022 футбалісты „Дынама-Брэст” абыгралі „Маларыту” з лікам 2:0.
Абодва мячы былі забітыя ў першым тайме. На 15-й хвіліне першы гол забіў гулец моладзевай зборнай Зімбабвэ Мунашэ Гаранга, а на 28-й хвіліне кропку паставіў Аляксандр Булычоў.

„Ювентус” гатовы падпісаць Пагба толькі з паніжэннем заробку

„Ювентус” гатовы прапанаваць кантракт паўабаронцу „Манчэстэр Юнайтэд” Полю Пагба.
Праблема ў тым, што ў Манчэстэры Пагба атрымлівае 290 тысяч фунтаў у тыдзень, але „Ювентус” столькі плаціць Полю не гатовы, нягледзячы на магчымасць падпісаць 28-гадовага француза свабодным агентам.
Турынскі клуб будзе весці перамовы з гульцом толькі ў тым выпадку, калі ён пагодзіцца на паніжэнне заробку.
У гэтым сезоне Пагба прыняў удзел у 13 матчах за „МЮ” і аддаў сем выніковых перадач. Кантракт паўабаронцы з клубам з Манчэстэра разлічаны да 30 чэрвеня 2022 года.
Партал Transfermarkt ацэньвае кошт француза ў 55 мільёнаў эўра.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]