Спартоўцы Нарвегіі ўзначальваюць медальны залік пекінскай Алімпіяды



Зборная Нарвегіі ўзначальвае медальны залік XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. У актыве зборнай Беларусі па-ранейшаму два срэбра.

Не змаглі парадаваць беларускіх заўзятараў біятланісткі Ірына Лешчанка, Дзінара Алімбекава, Алена Кручынкіна і Ганна Сола, якія занялі толькі 13-ю пазіцыю ў эстафетнай гонцы 4х6 км. У фінале мужчынскіх спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы беларус Станіслаў Гладчанка заняў 11-е месца. У камандным спрынце класічным стылем беларускія лыжнікі Аляксандр Воранаў і Ягор Шпунтаў не змаглі трапіць у дзясятку фіналістаў, апынуўшыся на 12-м радку выніковага пратакола.

У скарбонцы спартоўцаў Нарвегіі зараз 28 медалёў (13, 7, 8), другой ідзе каманда Германіі – 20 (10, 6, 4), трэцяе месца займае зборная ЗША – 19 (8, 7, 4). У 13-ты дзень зімовай Алімпіяды ў Пекіне у канькабежным спорце на дыстанцыю 1000 метраў выйдуць дзве беларускі: Кацярына Слоева і Ганна Ніфантава. Ніводную да шырокага спісу прэтэндэнтак на подыум не аднясеш. У фігурным катанні беларуска Вікторыя Сафонава выступіць пад дзевятым нумарам.

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” прайгралі „Ольбаргу” ў Лізе чэмпіёнаў

Пасля двухмесячнага перапынку аднавіліся матчы групавога этапа гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Берасце” у хатнім паядынку 11-га тура папярэдняй групы А прымаў дацкі „Ольбарг” і саступіў з лікам 30:33. У другім матчы гэтай групы французскі „Манпелье” прайграў паўночнамакедонскаму „Вардару” са Скоп’е – 25:28.

Сталі вядомы даты матчаў мінскага „Дынама” ў плэй-оф КХЛ

Кантынентальная хакейная ліга аб’явіла аб старце плэй-оф 1 сакавіка і прадставіла сетку Кубка Гагарына, паведамляе прэс-служба Лігі.

Па выніках першага этапа чэмпіянату каманды занялі месцы ў сваіх канферэнцыях у адпаведнасці з працэнтам набраных ачкоў. Мінскае „Дынама”, якое размясцілася на 8-м месцы Захаду, у першым раундзе згуляе з лепшай камандай канферэнцыі – СКА. Гульні ў Санкт-Пецярбургу пройдуць 2 і 4 сакавіка, у Менску клубы сустрэнуцца 6 і 8 сакавіка. Наступныя матчы серыі пры неабходнасці адбудуцца 10, 12 і 14 сакавіка. У першым раундзе плэй-оф мінулага сезона „зубрам” таксама супрацьстаялі хакеісты СКА. Серыя скончылася з лікам 4:1 на карысць армейцаў.

Сабаленка прайграла ў 1/8 фіналу турніру ў

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю турніру ў Дубаі з прызавым фондам 703 тысячы даляраў. У паядынку другога раунда другая ракетка планеты прайграла ў двух сэтах чэшскай тэнісістцы Петры Квітавай – 4:6, 4:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 25 хвілін. У чвэрцьфінале Квітава сустрэнецца з латвійскай тэнісісткай Аленай Астапенкай, якая перайграла ў трохсетавым паядынку дзявятую ракетку свету польку Ігу Свёнтэк – 4:6, 6:1, 7:6. У гульні 1/16 фіналу Арына Сабаленка перамагла ў дзвюх партыях украінку Марту Касцюк  – 6:4, 6:1.

Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка ў першым раундзе саступіла расійскай тэнісістцы Вераніцы Кудзерметавай  – 3:6, 4:6.

Яўген Чагавец стаў гульцом брэсцкага „Руху”

Украінскі абаронца Яўген Чагавец стаў гульцом берасцейскага „Руху”. „Кантракт з 23-гадовым украінскім абаронцам падпісаны тэрмінам на адзін год. З 2015 года футбаліст выступаў за данецкі „Шахцёр”, у складзе якога згуляў у групавым этапе юнацкай лігі УЕФА. У 2019 годзе Яўген перайшоў у „Мінск”, за які правёў 62 паядынкі ў нацыянальным першынстве, забіў пяць мячоў і аддаў адну галявую перадачу.

„Баварыя” вырвала нічыю ў „Зальцбурга” на 90-й хвіліне

Завяршыўся першы матч 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж клубам «Рэд Бул Зальцбург» і «Баварыяй». Сустрэча прайшла на стадыёне „Рэд Бул Арэна” і скончылася з лікам 1:1. Гулец аўстрыйцаў Адаму адкрыў лік у гульні на 21-й хвіліне. На 90-й хвіліне паўабаронца мюнхенскага клуба Кінгслі Коман адквітаў адзін гол, вырваўшы нічыю для сваёй каманды.

Міланскі „Інтэр” прымаў „Ліверпуль”. Сустрэча прайшла на стадыёне «Сан-Сіра  і завяршылася перамогай англійскай каманды з лікам 2:0.

На 75-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў бразільскі нападнік «Ліверпуля» Раберта Фірміна. На 83-й хвіліне сустрэчы егіпецкі форвард «Ліверпуля» Махамед Салах адправіў у браму міланскага клуба другі мяч.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]