Спартоўцы Нямеччыны лідаруюць у медальным заліку Алімпійскіх гульняў



Спартоўцы зборнай Нямеччыны працягваюць узначальваць медальны залік пасля чарговага дня спаборніцтваў XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Каманда Нямеччыны мае зараз 9 узнагарод – 6 залатых і 3 срэбраныя. Другімі ідуць спартоўцы Нарвегіі – 12 медалёў (5 залатых 3 срэбраных і 4 бронзавых, на трэцім месцы зборная Аўстрыі – 13 (4 золата, 5 срэбра і 4 бронзы). Беларусь з адным срэбрам займае 21-ю пазіцыю. Напярэдадні беларусы апынуліся далёкія ад прызавых месцаў. У камандным турніры па лыжнай акрабатыцы беларускія фрыстайлісты Ганна Гуськова, Станіслаў Гладчанка і Максім Гусцік не змаглі прабіцца ў чацвёрку фіналістаў, заняўшы 6-е месца з шасці ўдзельнікаў спаборніцтваў. Канькабежка Марына Зуева была 9-й на дыстанцыі 10 кіламетраў. Фігурыст Канстанцін Мілюкоў замкнуў дваццатку наймацнейшых у мужчынскім адзіночным катанні. Усяго  было разыграна 8 камплектаў узнагарод.

Чатыры беларускія біятланісткі выступяць у алімпійскай спрынтарскай гонцы

У жаночай спрынтарскай гонцы Алімпіяды прымуць удзел чатыры беларускія біятланісткі, паведамілі ў трэнерскім штабе зборнай Беларусі. Сёння на дыстанцыю, працягласцю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі, выйдуць Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына Лешчанка і Алена Кручынкіна. Жаночая спрынтарская гонка пачнецца на трасе ў Чжанцзякоў апоўдні. Таксама старшы трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па біятлоне Андрэй Падзін назваў удзельнікаў спрынту. На дыстанцыю 10 км з двума агнявымі рубяжамі плануюць выйсці срэбраны прызёр індывідуальнай гонкі Антон Смольскі, а таксама Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лабастаў і Максім Варабей.

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” перамаглі „Енісей”

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пасля амаль двухмесячнага перапынку правялі чарговы матч Адзінай лігі ВТБ. У сваім дзясятым паядынку „банкаўскага” турніру падначаленыя Расціслава Вергуна святкавалі другую перамогу ў сезоне. На пляцоўцы сталічнага Falcon Сlub яны абыгралі краснаярскі „Енісей” 72:68. Цяпер чэмпіёны Беларусі займаюць 11-е месца сярод 12 удзельнікаў. Турнірную табліцу ўзначальвае казанскі УНІКС, у актыве якога 11 вікторый у 13 праведзеных сустрэчах. На адзін выйгрыш менш у піцерскага „Зеніта”, 10 перамог святкавалі пераможцы мінулага сезона – баскетбалісты маскоўскага ЦСКА.

Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Санкт-Пецярбургу

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч  святкавала другую перамогу на турніры катэгорыі WTA-500 у Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам 703 тысячы даляраў. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал адзіночнага разраду беларуска абыграла ў дзвюх партыях румынскую тэнісістку Жаклін Крысціян – 6:2, 6:3. Беларускі тэнісіст Ілля Івашка не здолеў прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю турніру катэгорыі АТР-500 у нідэрландскім Ратэрдаме з прызавым фондам 1,2 млн. еўра. У паядынку 1/8 фіналу беларус, які займае 48-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў у двух сэтах чацвёртай ракетцы планеты грэку Стэфанасу Цыцыпасу – 4:6, 1:6.

Абаронца Жуліё Сезар працягнуў дамову з „Віцебскам”

Бразільскі абаронца Жуліё Соуза працягнуў кантракт з „Віцебскам”. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. На рахунку футбаліста ў мінулым сезоне 25 матчаў у складзе „паўночнікаў” у вышэйшай лізе. Ён вызначыўся чатырма забітымі мячамі.

„Ліверпуль” перамог „Лестэр”

У матчах 24-га тура чэмпіянату Англіі „Ліверпуль” перамог „Лестэр” 2:0 – дублем адзначыўся Дыёгу Жота, а „Вулвэрхэмптан” саступіў „Арсеналу” 0:1 – голам за „кананіраў адзначыўся Габрыэл. У чвэрцьфінальным матчы Кубка Італіі „Ювентус” адолеў „Сасуола” 2:1. У першай паўфінальнай баталіі Кубка Іспаніі „Атлетык” згуляў унічыю з „Валенсіяй” – 1:1.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]