Справа Аляксандра Івуліна перададзена пракурору



Следчы камітэт перадаў крымінальную справу на спартыўнага журналіста Аляксандра Івуліна пракурору для накіравання ў суд.

Як сцвярджае СК, журналіст са жніўня 2020 па сакавік 2021-га на сваім ютуб-канале размяшчаў відэа «з мэтай вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, стварэнне негатыўнай ацэнкі дзейнай улады і дыскрэдытацыі Беларусі на міжнароднай арэне».

Акрамя таго, Івулін нібыта схіляў іншых да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і сам удзельнічаў у іх, «доўга і ўпарта парушаючы грамадскі спакой».

Дзеянні Івуліна кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён застаецца пад вартай.

Журналісту пагражае да чатырох гадоў зняволення.

Аляксандр Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня і асуджаны на 30 сутак. Пасля яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.