Стадыён “Дынама” па-ранейшаму ў руінах



Тэрміны рэканструкцыі галоўнай спартовай арэны сталіцы ўвесь час змяняюцца.

Памочнік кіраўніка краіны ў пытаннях фізічнай культуры і спорту Максім Рыжанкоў у праграме «Спорт-кадр» заявіў, што закончыць рэканструкцыю “Дынама” да 2019 года для Беларусі цяпер справа гонару, паколькі Мінск атрымаў права правесці Еўрапейскі алімпійскі фестываль моладзі-2019. Стадыён ужо прэзентаваны як арэна, дзе пройдзе вялікая колькасць розных спаборніцтваў, а таксама цырымонія адкрыцця і закрыцця.

Па словах Рыжанкова, пры гэтым на лёгкаатлетычным стадыёне цалкам можна будзе праводзіць футбольныя матчы, бо трыбуны разлічаны на 25.000 месц.

Нагадаем, у мінулым годзе кіраўніком краіны быў падпісаны указ №220 „Аб рэканструкцыі комплексу аб’ектаў стадыёна” Дынама” ў Мінску”. Паведамлялася, што рэканструкцыю стадыёна павінны завяршыць да 2017 года.

А ў лістападзе 2012 года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні рэканструкцыі стадыёна, паставіў задачу завяршыць рэканструкцыю “Дынама” да канца 2014 году.

Пакуль жа маем тое, што маем – стадыён ляжыць у руінах…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара