Сталі вядомы ўсе ўдзельнікі 1/8 фіналу Лігі Еўропы



Адбыліся матчы ў адказ 1/16 фіналу Лігі Еўропы, па выніках якіх вызначаны ўсе ўдзельнікі наступнага раунда турніру.

Гульцы „Напалі” і „Барселоны” выйшлі на матч з расцяжкай з надпісам „Stop War”. Такім чынам футбалісты адрэагавалі на баявыя дзеянні ва Украіне. Што датычна матча, то яго выйграла «Барселона» 4:2. У 1/8 фіналу Лігі Еўропы ў якасці „несеяных” таксама прайшлі „Аталанта”, „Лейпцыг”, „Севілья”, „Порту”, „Беціс”, „Рэйнджэрс” і „Брага”. „Айнтрахт”, „Баер”, „Вест Хэм”, „Галатасарай”, „Ліён”, „Манака”, „Спартак” і „Црвена Звезда”, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах Лігі Еўропы, будуць лічыцца „сеянымі”. Лёсаванне 1/8 фіналу Лігі Еўропы адбудзецца 25 лютага.

„Мяшкоў Брэст пацярпеў паразу ад „Піка”

„Мяшкоў Брэст” саступіў „Піку” ў выязным матчы групавога раунда Лігі чэмпіёнаў — 26:28. Лепшым бамбардзірам у складзе „мяшкоўцаў” стаў Стэван Сцяванавіч, які закінуў сем мячоў.
«Мяшкоў» Брэст набраў 4 ачкі пасля 12 матчаў і займае апошняе месца ў групе „А”.

Сабаленка прайграла ў 1/4 фінале турніру ў Катары

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршыла выступы на турніры ў горадзе Доха з прызавым фондам 2 мільёны 300 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале другая ракетка планеты прайграла ў двух сэтах 8-му нумару рэйтынгу WTA польскай тэнісістцы Ізе Свёнтэк – 2:6, 3:6. Наступнай суперніцай полькі будзе грачанка Марыя Сакара.

Хакеісты „Юнацтва” выйгралі рэгулярны чэмпіянат беларускай экстралігі

Хакеісты менскага „Юнацтва” сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату беларускай экстралігі. Дзейныя чэмпіёны краіны ў гасцях абыгралі галоўнага пераследніка – жлобінскі „Металург” з лікам 3:0. Такім чынам, за адзін матч да канца „рэгуляркі” адрыў менчан ад „ваўкоў” павялічыўся да 5 ачкоў, што гарантуе „Юнацтву” першы пасеў у розыгрышы плэй-оф. Сталічны клуб выйграе рэгулярны чэмпіянат чацвёрты сезон запар.
Акрамя таго, сталі вядомыя дзве пары першага раунда плей-оф, які стартуе 8 сакавіка. „Гомель”, які заняў 3-е месца ў турнірнай табліцы экстралігі, у чвэрцьфінале будзе змагацца з гарадзенскім „Нёманам”, які стаў 6-м. Таксама ў першым раундзе паміж сабой згуляюць „Шахцёр” і „Віцебск”, якія ідуць на 4-м і 5-м месцах адпаведна. Якая з гэтых каманд атрымае перавагу хатняй пляцоўкі, стане вядома пасля заключнага тура, які пройдзе ў суботу.

Матч кваліфікацыі ЧС па баскетболе Беларусь-Вялікабрытанія перанесены

Матч адборавага раунда Кубка свету-2023 па баскетболе Беларусь – Вялікабрытанія, які павінен быў адбыцца ў Менску 25 лютага, перанесены, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі баскетбола. Гэтае рашэнне прынята Міжнароднай федэрацыяй баскетбола (FIBA) у сувязі з адменай авіярэйсаў і немагчымасцю прыбыць у тэрміны ў Менск прадстаўнікам ФІБА і судзейскаму корпусу. Усе заўзятары, якія раней набылі квіткі на матч, могуць іх здаць. Рашэнне аб магчымасці правядзення матча Вялікабрытанія – Беларусь, запланаванага на 28 лютага ў Ньюкасле, будзе прынята пазней.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]