Сталі вядомыя супернікі беларускіх клубаў у гульнях ЛЧ і ЛЕ



Сталі вядомыя супернікі ўсіх беларускіх клубаў у кваліфікацыйных раўндах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Так, уладальнік Кубка Беларусі па футболе берасцейскае „Дынама” пачне выступленне ў Лізе Еўропы з 2-га кваліфікацыйнага раўнда, у якім згуляе з грэцкім „Атромітасам”. Гэта стала вядома па выніках лёсавання, якое адбылася 20 чэрвеня ў штаб-кватэры УЕФА ў Ньёне (Швейцарыя).

Першыя матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнда ЛЕ пройдуць 26 ліпеня, матчы ў адказ — 2 жніўня. Берасцейскае „Дынама” пачне супрацьстаянне з „Атромітасам” дома.

Як раней паведамляў БелаПАН, у Лізе Еўропы прадстаўленыя яшчэ два беларускія клубы: менскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр”. Яны стартуюць з 1-га кваліфікацыйнага раўнда. Супернікам менчан на гэтай стадыі будзе ірландскі „Дэры Сіці”, а „Шахцёр” згуляе з валійскім „Конас-Кі”. Першыя матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнда адбудуцца 12 ліпеня, у адказ — 19 ліпеня. Абодва беларускія клубы пачнуць супрацьстаянне на выездзе.

Нагадаем, 19 чэрвеня адбылося лёсаванне 1-га і 2-га кваліфікацыйных раўндаў Лігі чэмпіёнаў, у якой Беларусь прадставіць барысаўскі БАТЭ. Барысаўчане пачнуць барацьбу з 2-га кваліфікацыйнага раўнда. Іх супернікам будзе пераможца пары 1-га кваліфікацыйнага раўнда ХІК (Фінляндыя) – „Вікінгур” (Фарэрскія астравы). Першыя матчы 2-га кваліфікацыйнага раунда ЛЧ пройдуць 24/25 ліпеня, у адказ – 31 ліпеня/1 жніўня. БАТЭ пачне супрацьстаянне дамашняй сустрэчай.

belapan.by