„Сталіца” чацвёрты раз стала чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе



Спартоўцы „Сталіцы” чацвёрты раз сталі чэмпіёнамі Беларусі па міні-футболе. У Гомелі ў трэцім паядынку фінальнай серыі 33-га чэмпіянату Беларусі мінчане перайгралі супернікаў з ВРЗ 4:1. Адзін з мячоў у гэтай сустрэчы забіў лідар атак „Сталіцы” Уладзімір Жыгалка, які стаў лепшым бамбардзірам гэтага першынства – у яго 28 мячоў.
У першай сустрэчы ў Гомелі „сталічнікі” выйгралі з лікам 4:3, а потым у Менску на пляцоўцы спарткомплексу „Уручча” ўзялі верх у авертайме 5:3. Напярэдадні спартоўцы „Мінска” ўпершыню сталі бронзавымі прызёрамі нацыянальнага першынства. У вырашальным паядынку за 3-е месца яны абыгралі на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу МАПІД гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” з мінімальнай перавагай у ліку – 3:2.

Менскае „Дынама” згуляе з чарнагорскім „Дэчычам” у Лізе канферэнцый

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне першага раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый.
Супернікам бронзавага прызёра чэмпіянату Беларусі мінскага „Дынама” будзе чарнагорскі „Дэчыч”. Матчы адбудуцца 7 і 14 ліпеня. Віцэ-чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ і ўладальнік Кубка „Гомель” пачнуць выступы з другога раунда Лігі канферэнцый.
Чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” на старце кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў двойчы сустрэнецца са славенскім „Марыбарам”. Стартавыя гульні пройдуць 5-6 ліпеня.

Скабелка прызначаны галоўным трэнерам ХК „Барыс”

Беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка прызначаны галоўным трэнерам „Барыса” з Нур-Султана, які выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе.
Скабелка ўжо ўзначальваў „Барыс” з 2018 па 2020 год. За два сезоны пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста клуб са сталіцы Казахстана двойчы выйграваў дывізіён Чарнышова і абодва разы даходзіў да паўфіналу Усходняй канферэнцыі КХЛ. Таксама Скабелка трэніраваў навакузнецкі „Металург”, ХК „Гомель”, ніжагародскае „Тарпеда”, новасібірскую „Сібір” і омскі „Авангард”. Папярэднім месцам працы беларускага трэнера быў яраслаўскі „Лакаматыў”.

Сабаленка прайграла на старце тэніснага турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пацярпела паразу ў стартавым матчы турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 611 тысяча еўра.
У 1/16 фіналу пятая ракетка планеты саступіла ў трохсэтавым паядынку расіянцы Вераніцы Кудзерметавай, якая займае 24-ю пазіцыю ў рэйтынгу WTA, – 6:2, 5:7, 4:6. Гульня працягвалася 2 гадзіны 12 хвілін.

Беларускім тэнісістам дазволяць выступіць на US Open пад нейтральным сцягам

Асобным беларускім і расійскім тэнісістам дазволяць выступіць на US Open пад нейтральным сцягам. Такое рашэнне прыняла Тэнісная асацыяцыя ЗША. У яе заяве падкрэсліваецца, што дзеянні Расіі ва Украіне асуджаюцца. Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе пройдзе з 29 жніўня да 11 верасня.

Вясной Міжнародная федэрацыя тэніса прыпыніла сяброўства федэрацый Беларусі і Расіі, турніры ў гэтых краінах адмянілі, а зборныя адхілілі ад спаборніцтваў. У той жа час WTA і ATP вырашылі дапусціць беларускіх і расійскіх тэнісістаў да турніраў пад сваёй эгідай, але ў нейтральным статусе. Арганізатары Уімблдона вясной забаранілі тэнісістам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у турніры. З гэтым не пагадзіліся WTA і ATP, якія вырашылі, што Уімблдон сёлета пройдзе без налічвання рэйтынгавых ачкоў.

[manual_related_posts]