„Сталіца” першай выйшла ў фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Спартоўцы „Сталіцы” сталі першымі фіналістамі 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У трэцім паядынку паўфінальнай серыі да трох перамог „сталічнікі” адолелі ў авертайме супернікаў з „Мінска” з лікам 2:1.

Калі да заканчэння дадатковага часу заставалася ўсяго 30 секунд, адзін з лідараў „Мінска” Уладзімір Піскун дапусціў грубую памылку і Павел Кніга забіў пераможны мяч. У першым матчы „Сталіца” выйграла 6:4, а потым вырвала перамогу ў серыі пасляматчавых пенальці – 5:4. У другой паўфінальнай серыі пакуль раўнавага. У першай гульні віцэ-чэмпіён краіны гомельскі ВРЗ выйграў у гарадзенскага клуба „УУС-Дынама” 5:1, а потым у Гародні дынамаўцы ўзялі рэванш 2:1.

„Мінск” расправіўся з „Арсеналам” у стартавым матчы 10-га тура вышэйшай лігі

У першым матчы 10-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе „Мінск” на сваім полі абыграў аўтсайдэра сезона дзяржынскі „Арсенал”. Вікторыю „гараджанам” прынеслі дакладныя ўдары Хвашчынскага і Чарнавока 2:0. На 90+1-й хвіліне за другое папярэджанне быў выдалены абаронца «Арсенала» Ягор Хвалько.

„Карона” буйна перамагла „Одру”, Шыкаўка выйшаў на замену ў другім тайме

На стадыі плэй-оф за права згуляць у элітным польскім дывізіёне на будучы сезон „Карона” ў паўфінале абыграла „Одру” з лікам 3:0 і выйшла ў вырашальны раунд. У гаспадароў беларус Яўген Шыкаўка выйшаў на поле на 59 хвіліне пры ліку 3:0.

Алістраў працягне выступленні за менскае „Дынама”

Хакейнае менскае „Дынама” дасягнула дамоўленасці аб падпісанні кантракта з нападнікам Уладзімірам Алістравым. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце КХЛ Алістраў згуляў у 44 паядынках і набраў 12 (7+5) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-2”. У плэй-оф форвард выходзіў на лёд у чатырох гульнях, дзе не вызначыўся баламі.

Усяго ў КХЛ Алістраў правёў 89 матчаў, у якіх зарабіў 16 (8+8) ачкоў. Маючы адбыцца сезон Лігі стане для 21-гадовага хакеіста трэцім у складзе менскага „Дынама”.

Фіны выйшлі ў паўфінал, адыграўшыся ў матчы са славакамі з 0:2

На чэмпіянаце свету па хакеі ў Фінляндыі завяршыліся чвэрцьфіналы. Прыводзім іх вынікі.

Фінляндыя адыгралася з ліка 0:2 і прайшла Славакію – 4:2. Амерыканцы не мелі праблем у гульні са Швейцарыяй 3:0 — дзве шайбы закінуў Маерс.  Раней у паўфінал прабіліся каманды Чэхіі і Канады. У паўфіналах зборная Фінляндыі сустрэнецца з камандай ЗША, канадцы згуляюць з чэхамі. Матчы паўфіналу адбудуцца 28 траўня.

Івашка завяршыў выступы на „Ралан Гарос”

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка не здолеў прабіцца ў 3-і раунд адкрытага чэмпіянату Францыі. У 1/32 фіналу адзіны прадстаўнік Беларусі ў мужчынскім адзіночным разрадзе саступіў чылійцу Крысціяну Гарыну  – 3:6, 6:7 (5:7), 6:4, 3:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 50 хвілін.  У другім раундзе жаночага адзіночнага разраду сёмая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка выйграла ў амерыканкі Мэдысан Брэнгл  – 6:1, 6:3 і ў 1/16 фіналу сустрэнецца з італьянскай тэнісісткай Камілай Георгі. Таксама ў 1/32 фіналу спаборніцтваў жаночых пар беларуска Аляксандра Сасновіч і расіянка Ганна Блінкова саступілі канадска-мексіканскаму дуэту Габрыэла Даброўскі / Джулія Олмас – 2:6, 3:6. Беларуска-амерыканская пара Лідзія Марозава / Кейтлін Крысціян адолела грузінскую тэнісістку Аксану Калашнікава і расіянку Варвару Грачову – 3:6, 7:5, 6:3.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by

[manual_related_posts]