Старт жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе адкладзены



БФФ вырашыла адкласці старт чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд, першы тур якога павінен быў прайсці з 16 па 18 красавіка. Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што некалькі футбалістак, якія бяруць удзел у турніры, кантактавалі з магчымымі носьбітамі віруса COVID-19. Такім чынам, старт жаночага першынства адкладзены да далейшага паведамлення, адзначае прэс-служба БФФ.

Уладзімір Крыкуноў застанецца галоўным трэнерам маскоўскага «Дынама»

Маскоўскае «Дынама» падпісала новы кантракт з галоўным трэнерам беларусам Уладзімірам Крыкуновым. – Мы падпісалі новае пагадненне з Уладзімірам Васільевічам тэрмінам на адзін год, – цытуе прэс-служба клуба генеральнага дырэктара «Дынама» Яўгена Крывапускава. – Гульня і вынік, паказаныя ў чэмпіянаце, цалкам задаволілі кіраўніцтва Клуба. Цяпер мы сумесна з Уладзімірам Крыкуновым знаходзімся ў актыўнай стадыі фармавання каманды.

Урад Аўстрыі дазволіў футбольным клубам пачаць падрыхтоўку да аднаўлення сезону

Аўстрыйскі ўрад дазволіў футбольным клубам краіны прыступіць да трэніровак з 20 красавіка. Улады дазволілі камандам вярнуцца да трэніровак, каб футбалісты падрыхтаваліся да аднаўлення гульняў чэмпіянату краіны, дата вяртання гульняў пакуль не ўстаноўлена. Пры гэтым распрацаваны рэгламент тэставання футбалістаў. Яны павінны будуць правярацца на каронавірус як мінімум за двое сутак да пачатку матчаў. А гульні пакуль будуць праходзіць без гледачоў.

Форвард зборнай Беларусі Дзмітрый Буйніцкі стаў вольным агентам

23-гадовы нападнік Дзмітрый Буйніцкі набыў статус абмежавана вольнага агента, – паведамляе hockey.by. Гэты сезон форвард пачаў у складзе «Магніткі», аднак з-за траўмы правёў толькі дзевяць матчаў, адзначыўшыся адной выніковай перадачай пры паказчыку карыснасці +1. У снежні Буйніцкі ў складзе зборнай Беларусі стаў пераможцам Турніру шасці нацый у Венгрыі. Пасля чаго форвард таксама выклікаўся ў Кэмп нацыянальнай каманды.

Польскі «Ракув» праяўляе цікавасць да Яхшыбоева

Паўабаронца «Энергетыка»-БДУ Джасурбек Яхшыбоеў трапіў у сферу інтарэсаў польскага «Ракува» з Чэнстахова. У сезоне 2018/19 «Ракув» заняў 1-е месца ў польскай першай лізе, атрымаўшы права выступаць у Экстраклясе. У гэтым сезоне з 36 баламі пасля 26 тураў каманда размяшчаецца на 9-м месцы элітнага дывізіёна. У бягучым сезоне чэмпіянату Беларусі Яхшыбоеў забіў тры галы ў чатырох матчах.

Беларускае Радыё Рацыя