Сяргей Далідовіч і яго дачка Дар’я збіраюцца з’ехаць з Беларусі



Пра гэта спартсмен распавёў фінскаму выданню «Yle».

Як патлумачыў удзельнік сямі Алімпіяд, у Беларусі ў прынцыпе ёсць умовы для заняткаў спортам, але маюцца пытанні этычнага кшталту:

— Тут выдатны лыжны курорт. Трасы добрыя, навучальны цэнтр «Раўбічы» знаходзіцца недалёка ад нашага дома. Але ў этычным сэнсе абставіны зусім іншыя. Гэта сумна, асабліва для нашага айчыннага лыжнага спорту. Дарэчы, у нас не так шмат маладых энтузіястаў. Напрыклад, лыжніц 2002 года нараджэння няма наогул.

Разам з тым Сяргей Далідовіч, які не хавае сваёй грамадзянскай пазіцыі, кажа аб складанай сітуацыі ў Беларусі:

— Некаторыя людзі загінулі, многія сядзелі ці цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Майму сябру, спартыўнаму журналісту Аляксандру Івуліну, пагражае чатыры гады за тое, што ён узяў інтэрв’ю ў спартсменаў, якія хочуць пераменаў. Калі ў такой сітуацыі астатнія з нас прамаўчаць, жыццё марнае.

Сяргей Далідовіч — мацнейшы лыжнік у гісторыі суверэннай Беларусі. У 2020 годзе ён падтрымаў заклік спартыўнай супольнасці да сумленных выбараў і прыпыненні гвалту. Яго дачка Дар’я пайшла па шляху бацькі і таксама стала лыжніцай. Нядаўна стала вядома, што яе і сяброўку па камандзе Святлану Андрыюк беларускія спартыўныя ўлады выкраслілі з ліку ўдзельніц міжнародных спаборніцтваў.