Сяргей Гурэнка можа прадоўжыць трэнерскую кар’еру ў Расеі, Славакіі ці Польшчы



Беларускі спецыяліст Сяргей Гурэнка можа працягнуць трэнерскую кар’еру ў адной з замежных ліг, сярод якіх называецца чэмпіянат Славакіі, Польшчы ці Расеі.

Таксама існуе варыянт і працягу працы ў чэмпіянаце Беларусі, аднак ён малаверагодны. Хутчэй за ўсё з новай камандай трэнер вызначыцца пасля Новага года. Апошнім месцам працы Сяргея Гурэнкі быў „Шахцёр”, які трэнер пакінуў у верасні 2020 года.

Журналіст Уладзіслаў Татур падзяліўся інсайдам пра будучыню экс-трэнера БАТЭ і «Руха» Кірыла Альшэўскага.

– Альшэўскі – адзін з прэтэндэнтаў на пазіцыю галоўнага трэнера «Рыгі», але ёсць і іншыя варыянты, – напісаў Татур. У мінулым сезоне «Рыга» заняла чацвёртае месца ў чэмпіянаце Латвіі.

48-гадовы беларускі спецыяліст Аляксандр Сяднёў, які ўзначальвае казахстанскі „Ардабасы”, можа пакінуць сваю пасаду. Сяднёў узначаліў „Ардабасы” ў студзені 2021 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда заняла 5-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Казахстана.

Беларусь – на 94-м месцы ў рэйтынгу ФІФА па выніках 2021-га

ФІФА апублікавала абноўлены рэйтынг нацыянальных зборных. Зборная Беларусі з 1233,43 ачкамі ўзнялася на адну пазіцыю і завяршыла 2021 год на 94-м месцы. Па выніках мінулага гады зборная займала 88-е месца. У першай дзясятцы рэйтынгу змен не адбылося. Рэйтынг узначальвае зборная Бельгіі.

Прафсаюз гульцоў НХЛ разлічвае, што прадстаўнікі лігі выступяць на АГ-2026

Выканаўчы дырэктар прафсаюза ігракоў НХЛ (NHLPA) Дон Фер заявіў, арганізацыя чакае, што хакеісты лігі прыедуць на зімовыя Алімпійскія гульні ў 2026 годзе. НХЛ у сераду аб’явіла, што гульцы лігі не прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях 2022 года ў Пекіне. Рашэнне прынята з-за ўзрослай колькасці перанесеных матчаў рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, выкліканага ўскладненнямі эпідэміялагічнага становішча, а таксама нявызначанасці з-за пандэміі каронавіруса.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by