Сяргей Касціцын перазаключыць кантракт з менскім „Дынама”



Беларускі нападнік Сяргей Касціцын перазаключыць кантракт з менскім „Дынама” на новых умовах. Папярэдняе пагадненне форварда з клубам скасавана па ўзаемнай згодзе. Сяргей Касціцын правёў за „Дынама” 110 матчаў у КХЛ, у якіх набраў 46 ачкоў (10+36). Па заканчэнні сезона 2018/19 хакеістаў перанёс аперацыю, пасля якой працягвае аднаўленне.

Ягор Шаранговіч быў прызнаны першай зоркай матчу чэмпіянату АХЛ

У чарговым паядынку рэгулярнага чэмпіянату АХЛ „Бінгемптон” на выездзе абыграў „Ютыка” – 5:4. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч закінуў пераможную шайбу і зарабіў „+1”. Акрамя таго, наш суайчыннік быў прызнаны першай зоркай матчу. У гэтым сезоне на рахунку Ягора 4 ачкі ў 17 матчах, пры паказчыку карыснасці „-5”.

Беларускія атлеты заваявалі дзве бронзы на чэмпіянаце свету па ММА ў Сінгапуры

Беларускія спартоўцы заваявалі два бронзавыя медалі на чэмпіянаце свету па змешаных адзінаборствах (ММА), які праходзіць 18-23 лістапада ў Сінгапуры. У вагавой катэгорыі да 77,1 кг на трэцюю прыступку падняўся беларус Аляксандр Кавалёў. У паўфінальным паядынку ён саступіў украінцу Артуру Вараб’ёву. Бронзавы медаль у скарбонку зборнай Беларусі таксама прынесла Вольга Камарова (65,8 кг). У 1/2 фіналу яна прайграла аўстралійцы Эні Тэтчэр.

Менскае „Дынама” пазмагаецца з маскоўскім „Спартаком” ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” паспрабуюць адолець сёння маскоўскі „Спартак” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ. Матч стартуе ў 19.30. „Дынама” ў апошніх матчах саступіла омскаму „Авангарду” (1:2) і ніжагародскаму „Тарпеда” (2:3). У Заходняй канферэнцыі „зубры” знаходзяцца на апошняй 12-й пазіцыі. На рахунку менскага клуба 23 ачкі ў 28 матчах. „Спартак” на 6-м месцы ў Заходняй канферэнцыі.

Самы высокааплатны трэнер НХЛ Майк Бэбкок звольнены з „Таронта”

Самы высокааплатны трэнер НХЛ Майк Бэбкок звольнены з „Таронта”. За сваю трэнерскую кар’еру Бэбкок заваёўваў Кубак Стэнлі, двойчы прыводзіў зборную Канады да перамогі на Алімпійскіх гульнях і на чэмпіянаце свету. Бэбкок узначаліў „Ліфс” у траўні 2015 года, заключыўшы 8-гадовы кантракт на 50 мільёнаў долараў. У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Таронта” набраў 22 ачкі ў 23 матчах і займае 10-е месца ў табліцы Усходняй канферэнцыі. Каманда прайграла шэсць апошніх матчаў запар.

Падчас турніру па боксе ў Токіо-2020 пасля кожнага раўнда будзе адлюстроўвацца падлік ачкоў

Міжнародны алімпійскі камітэт, пасля кансультацый з атлетамі, унёс змены ў правілы Міжнароднай асацыяцыі аматарскага бокса для павышэння празрыстасці выстаўлення адзнак. На адборавых спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў у Токіо і падчас алімпійскага турніру па боксе пасля кожнага раўнда будзе адлюстроўвацца падлік ачкоў, што дазволіць больш аб’ектыўна вызначаць пераможцу паядынку. МАК таксама зоймецца адборам.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя