Сяргей Волкаў стане футбалістам БАТЭ з 2021 года



Паміж ФК БАТЭ і ФК „Віцебск” падпісаны трансферны кантракт, у адпаведнасці з якім паўабаронца паўночнікаў Сяргей Волкаў з 1 студзеня 2021 года пяройдзе ў шэрагі „жоўта-сініх”.

Пра гэта паведамляе прэс-служба барысаўчан. У сезоне-2020 Волкаў – адзін з галоўных выканаўцаў „Віцебска”, ён згуляў 15 матчаў.

Украінскі абаронца менскага „Дынама” Арцём Сухоцкі вернецца ў „Слован”. У гульца скончылася арэнднае пагадненне, інфармуе Transfermarkt. У вышэйшай лізе Сухоцкі прыняў удзел у 14 матчах менчукоў.

Беларускі паўабаронца Дзмітрый Герман папоўніў склад латвійскага „Лакаматыва”, які выступае ў другім дывізіёне. Пра гэта перадае Transfermarkt. У студзені 2020 га года Герман пакінуў „Рух” і з тых часоў знаходзіўся ў статусе вольнага агента.

Віктар Ганчарэнка працягне працу ў ЦСКА

Галоўны трэнер ЦСКА беларус Віктар Ганчарэнка працягне працу з вайсковым клубам. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал „Слава! – навіны футбола”. У крыніцы адзначаецца, што размова кіраўніцтва ЦСКА з трэнерам пасля яго „уцёкаў” у Беларусь датычылася не толькі канцоўкі сезону, а наогул ўсяго тэрміну кантракту (у траўні быў падоўжаны да лета-2021).

Кубак свету па шахматах сярод жанчын плануюць правесці ў 2021 годзе ў Менску

Перанесены на 2021 год Кубак свету па шахматах сярод жанчын плануюць правесці ў Менску. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай шахматнай федэрацыі. FIDE ў пачатку ліпеня абвясціла аб пераносе турніру з 2020 года на красавік 2021-га пры ўмове падпісання дадатковага пагаднення з арганізатарамі.

Складзены рэйтынг самых прадуктыўных гульцоў атакі ў XXI стагоддзі

Выданне „Give Me Sport” апублікавала рэйтынг найлепшых гульцоў XXI стагоддзя па суадносінах галоў да праведзеных гульняў на клубным роўні. Узначальвае спіс форвард „Барселоны” Ліянэль Месі (0,87), які ў 726 матчах забіў 630 галоў. На другім месцы – форвард „Ювентуса” Крышціяну Раналду (0,77), які забіў 626 галоў у 812 гульнях. Замыкае тройку нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі (0,73), на яго рахунку 345 галоў у 472 гульнях.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by