Таранда выйграла срэбра на этапе Брыльянтавай лігі



Лёгкаатлетка Карына Таранда заваявала срэбра ў скачках у вышыню на этапе Брыльянтавай лігі ў швейцарскай Лазане. У пятай спробе Карына  пераадолела адзнаку на вышыні роўна 2 метры і паўтарыла  рэкорд Беларусі 1993 года.

Перасягнуць беларуску змагла толькі расіянка Марыя Ласіцкенэ – 2 м 02 см, якая спрабавала пераадолець планку на вышыні 2 м 7 см, але гэтая вышыня ёй не скарылася.  Кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч заняла на гэтым этапе Брыльянтавай лігі пятае месца – 62 м 7 см. Перамагла немка Крысцін Хусонг – 66 м 59 см. У сектары для штурхання ядра лепшай стала нямецкая спартоўка Крысціна Шваніц – 19 м 4 см, а беларуска Алёна Дубіцкая размясцілася на пятай пазіцыі – 18 м 27 см. Наступны этап Брыльянтавай лігі пройдзе ў Манака 12 ліпеня.

Халеп выбіла Азаранку з Уімблдону

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка саступіла румынцы Сімоне Халеп і не выйшла ў 1/8 фіналу адзіночнага разраду Уімблдонскага турніру. Толькі на старце першага сэта паядынку двух былых першых ракетак планеты Вікторыя Азаранка мела перавагу і выйгравала 3:1. Пасля гэтага румынка цалкам завалодала ініцыятывай і, узяўшы 5 геймаў запар, перамагла 6:3. У другой партыі барацьбы не атрымалася – Сымона Халеп гуляла значна мацней і амаль без супраціву ўзяла верх – 6:1. Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мёртэнс прабіліся ў 1/8 фіналу парнага разраду. У матчы 1/16 фіналу беларуска-бельгійскі дуэт у амаль трохгадзінным супрацьстаянні перайграў сербска-японскі тандэм Аляксандра Круніч / Сюко Аояма – 6: 7 (5: 7), 7: 5, 6: 4.

Пякарскі з асабістым рэкордам выйграў бронзу на Універсіядзе

У Неапалі праходзіць Сусветная Універсіяда, дзе ў рамках плавальнага турніру беларус Рыгор Пякарскі заваяваў бронзавую ўзнагароду на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. Спартовец выйграў медаль з асабістым рэкордам – 23, 47 секунды. Раней асабісты рэкорд Пякарскага быў роўны 23,75.

БАТЭ вярнуўся на першы радок

Футбалісты барысаўскага БАТЭ абыгралі менскае „Дынама” з лікам 2:1 у цэнтральным паядынку 14-га тура чэмпіянату Беларусі. Першая палова матчу на полі сталічнага стадыёна „Трактар” прайшла з нязначнай перавагай барысаўчан, і на 39-й хвіліне яны дамагліся поспеху. Чарговая зацяжная атака дзеючых чэмпіёнаў з левага фланга завяршылася перадачай Эрвейна Мукама на капітана БАТЭ Ігара Стасевіча, які з лініі штрафной плошчы дакладна прабіў пад перакладзіну брамы Максіма Плотнікава. Неўзабаве мінчане былі блізкія да таго, каб зраўняць лік, але мяч пасьля штрафнога ўдару Аляксея Гаўрыловіча трапіў у штангу. Але амаль адразу пасля перапынку гаспадарам удалося адыграцца – на 54-й хвіліне гульні лік зраўняў харвацкі легіянер дынамаўцаў Дзінка Трэбаціч. Аднак апошняе слова ўсё ж засталося за барысаўчанамі, перамогу якім на 82-й хвіліне сустрэчы прынёс сербскі форвард Неманья Міліч, які некалькі хвілінаў да таго выйшаў на замену. Барысаўчане выйшлі на першае месца. У другім матчы футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”  на сваёй арэне прымалі магілёўскі „Дняпро” і перамаглі 1:0, дзякуючы голу Марка Абрадавіча.

«Нёман» узмацніўся фінскім форвардам

Фінскі легіянер Ціма Хілтунен перайшоў у гарадзенскі хакейны клуб „Нёман”. Пра гэта паведамляе група „Нёмана” „Укантакце”.

26-гадовы нападнік ў мінулым сезоне набраў 47 (21 + 26) ачкоў у 52 гульнях за аўстрыйскую „Вену Кэпіталз”. Да гэтага хакеіст выступаў у другой па сіле Лізе Фінляндыі, дзе за кар’еру набраў 139 (73 + 66) ачкоў у 245 гульнях.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя