„Тарпеда-БелАЗ” выйшаў у лідары футбольнага чэмпіянату Беларусі



Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” перамаглі „гараджанаў” з лікам 3:1 у першым паядынку 9-га тура чэмпіянату Беларусі і ўзначалілі турнірную табліцу. Сустрэча ў Жодзіне прайшла з перавагай гаспадароў поля. На 26-й хвіліне лік адкрыў бразільскі легіянер тарпедаўцаў Луіс Вялозу, а на 53-й хвіліне ён аформіў галявы дубль. Футбалістам „Гарадзеі” з 31-й хвіліны матчу давялося гуляць у меншасці, калі за другое папярэджанне з поля быў выдалены абаронца Станіслаў Сазановіч. Нягледзячы на гэта, госці не здаваліся, і на 74-й хвіліне Лазар Сайчыч скараціў разрыў у ліку. Прапусціўшы мяч, жодзінцы зноў актывізаваліся, правялі некалькі небяспечных нападаў, адзін з якіх на 77-й хвіліне завяршыў Андрэй Хачатуран.

Цэнтральным паядынкам гэтага тура стане сённяшняя сустрэча на полі „Барысаў-Арэны” паміж двума пераследнікамі тарпедаўцаў – БАТЭ і „Слуцкам”. Таксама менскі „Энергетык-БДУ” у Маладзечне прыме берасцейскіх дынамаўцаў, а ў Салігорску мясцовы „Шахцёр” згуляе са „Славіяй”.

БГК ім. Мяшкова выяўляе цікавасць да Цімура Дзібірава

БГК ім. Мяшкова можа ўзмацніць склад з трох гульцоў зборнай Расеі. Берасцейскі клуб праяўляе цікавасць да лінейных Сяргея Гарпішына і Глеба Канкараша, а таксама да левага крайняга Цімура Дзібірава. Па звестках македонскіх СМІ, гульцы чакаюць сустрэчы з новым уладальнікам „Вардара” Міхайла Міхайлаўскім, які павінен даць дакладныя звесткі пра фінансавыя перспектывы каманды, – адзначае „Хуткі цэнтр”.

Чацвёра маладых беларусаў працягнуць кар’еру ў „Юнацтве”

Беларускія хакеісты Мікіта Сіроцін (2001), Антон Федарэнчык (2002), Ягор Буяльскі (2001) i Данііл Мартынаў (2001 года нараджэння) працягнуць кар’еру ў сталічным „Юнацтве”. Абаронца Мікіта Сіроцін правёў мінулы сезон у „Лідзе”, дзе згуляў 26 матчаў, набраўшы 2 (0 + 2) балы, паказчык карыснасці „-5”. Затым вярнуўся з арэнды ў „Юнацтва-Мінск” – 5 гульняў без набраных ачкоў, паказчык „+ 2”. Плюс да гэтага правёў сем гульняў  за „Юніёр” у плэй-оф вышэйшай лігі. Мінулы сезон абаронца Антон Федарэнчык знаходзіўся ў размяшчэнні зборнай U 18 ў экстралізе „Б” пад кіраўніцтвам Аляксандра Румо – 42 гульні, 9 (3 + 6) набраных балаў. Таксама мае вопыт выступаў на юніёрскім чэмпіянаце свету ў элітным дывізіёне. Малады нападнік Ягор Буяльскі мінулы сезон знаходзіўся ў зборнай U-20. 24 матчы – 10 (4 + 6) ачкоў, паказчык карыснасці „+9”. Удзельнік моладзевага чэмпіянату свету ў Менску – 5 гульняў, 2 (0 + 2) набраных балы пры паказчыку карыснасці „-1”.

Раман Грабарэнка падпісаў кантракт з „Нафтахімікам”

Беларускі абаронца Раман Грабарэнка падпісаў кантракт з „Нафтахімікам”. Пагадненне з гульцом разлічана на год, паведамляе прэс-служба клуба. Апошнія два сезоны Грабарэнка правёў у чэмпіянаце Чэхіі. У мінулым чэмпіянаце ён выступаў за „Ліберэц”. У 49 матчах „рэгуляркі” беларус набраў 10 (0 + 10) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+14”. Грабарэнка стаў ужо другім беларусам ў „Нафтахіміку”, таксама гульцом ніжнякамскага клуба стаў Андрэй Касціцын.

„Бруге” афіцыйна абвешчаны 17-разовым чэмпіёнам Бельгіі і атрымаў пропуск у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў

Бельгійская футбольная ліга афіцыйна пацвердзіла датэрміновае завяршэнне сезона з-за каронавіруса. Чэмпіёнам краіны прызнаны „Бруге”, які пасля 29 тураў апярэджваў бліжэйшага пераследніка на 15 ачкоў. „Бруге” заваяваў 17-ы тытул і атрымаў пуцёўку ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Месца астатніх каманд размеркаваны ў адпаведнасці з табліцай на момант прыпынення сезона. Таксама адзначаецца, што футбольныя спаборніцтвы ў адпаведнасці з рашэннем генеральнай асамблеі Вышэйшай футбольнай лігі Бельгіі адмененыя да 31 ліпеня. Раней з-за пандэміі каронавіруса былі датэрмінова завершаны чэмпіянаты Францыі і Нідэрландаў

Стала вядома, колькі зарабіў беларус за перамогу на турніры UFC

Сталі вядомыя ганарары удзельнікаў турніру UFC Fight Night 171, які прайшоў напярэдадні ў Джэксанвіле (штат Фларыда), перадае tribuna.

Былы чэмпіён UFC у цяжкай вазе Андрэй Арлоўскі зарабіў больш за ўсіх – 325 тысяч даляраў. Беларус перамог Філіпэ Лінса.

Больш за 200 тысяч даляраў зарабілі толькі Гловер Тэйшэйра і Бэн Ротвэл. Агульная сума ганарараў ўсім байцам склала 1,75 мільёна даляраў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота championat.com