Таццяна Халадовіч выйграла турнір у кіданні кап’я ў Турку



Беларуская кап’якідальніца Таццяна Халадовіч заняла першае месца на міжнародным турніры серыі „Чэлендж” у фінскім горадзе Турку.

Чэмпіёнка Еўропы 2016 года дэманструе ў апошнія гады нядрэнную форму. У Фінляндыі яна перамагла з рэзультатам 65 м 03 см. Канкурэнцыю беларусцы спрабавала скласці Кеслі-Лі Робертс з Аўстраліі, якая заняла другое месца – 64 м 06 см. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзнялася Санет Вільжоен з ПАР – 61 м 54 см. Раней Таццяна Халадовіч перамагла на турніры катэгорыі „Чэлендж” у галандскім Хенгела.

Самым жа высокім дасягненнем беларускі ў бягучым сезоне з’яўляецца перамога на этапе „Брыльянтавай лігі” ў амерыканскім Юджыне, дзе яна выйграла з трэцім рэзультатам сезона ў свеце – 66 м 30 см.

belta.by