Тэнісістка Наталля Зверава падпісала адкрыты ліст спартсменаў да ўлады



Вядомая беларуская тэнісістка Наталля Зверава падпісала адкрыты ліст спартсменаў да ўлады, паведамляе беларускае спартовае выданне „Трыбуна”. Усяго пад гэтым лістом стаіць ужо амаль 700 подпісаў.

Наталля Зверава-уладальніца 20 тытулаў на турнірах Вялікага шлема (ва ўсіх разрадах). Гэта рэкордная колькасць сярод тэнісістаў з былога СССР. У 2010 годзе яна была ўключана ў спісы Міжнароднай залы тэніснай славы.

Паведамляецца, што Зверава выставіць на аўкцыён некалькі сваіх трафеяў — сродкі пойдуць у фонд спартыўнай салідарнасці. Гэты фонд падтрымлівае беларускіх спартсменаў, якія пацярпелі пасля выбараў з-за сваёй пазіцыі.

Пад адкрытым лістом з патрабаваннем да ўлады правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і вызваліць палітвязняў і ўсіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый і не датычных да супрацьпраўнай дзейнасці, падпісаліся некалькі сотняў беларускіх спартоўцаў, у тым ліку журналісты спартовых выданняў.

У канцы верасня вядомыя беларускія спартсмены заклікалі спартыўных чыноўнікаў спыніць ціск на іх і заявілі пра пагрозы іх сем’ям і дзецям.

Таксама вядомыя беларускія спартсмены звярнуліся да сваіх калег з просьбай аб’яднацца і падтрымаць сваёй пазіцыяй акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

За „ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах” і „непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” ў Менску на 15 сутак арыштавалі беларускую баскетбалістку Алену Леўчанку.

Пазней стала вядома аб звальненні з нацыянальнай каманды чэмпіёнкі свету па фрыстайле Аляксандры Раманоўскай. Спартсменка крытыкавала ўлады за несправядлівыя прэзідэнцкія выбары і гвалт над мірнымі дэманстрантамі.

У Міжнародным алімпійскім камітэце заявілі, што працягваюць атрымліваць скаргі ад беларускіх спартсменаў, якія падвяргаюцца ціску па палітычных прычынах. У арганізацыі паказалі, што не могуць уплываць на палітычныя працэсы ў краіне, але старанна сочаць за выкананнем Алімпійскай хартыі.