Толькі „Шахцёр” прайшоў далей у Лізе Еўропы



Салігорскі „Шахцёр” выйшаў у другі кваліфікацыйны раўнд футбольнай Лігі Еўропы. У гасцявым паядынку з мальтыйскім „Хіберніансам” футбалісты „Шахцёра” засталіся ў меншасці на 33-й хвіліне, калі быў выдалены Валерый Грамыка. Нягледзячы на гэта, каманда Сяргея Ташуева дзейнічала даволі ўпэўнена, і на 65-й хвіліне Мікіта Татарка забіў гол, які апынуўся пераможным. Першая гульня ў Салігорску таксама завяршылася вікторыяй „Шахцёра” з тым жа лікам – 1:0. У другім раўндзе кваліфікацыі салігорскай камандзе трэба двойчы сустрэцца з дацкім „Эсбьергам”. Першая гульня адбудзецца 25 ліпеня на полі „Шахцёра”, у адказ – 1 жніўня ў Даніі. Яшчэ два прадстаўнікі Беларусі не змаглі пераадолець першы кваліфікацыйны бар’ер Лігі Еўропы. Футбалісты менскага „Дынама” упершыню за 14 гадоў вылецелі ў стартавым раўндзе еўракубкаў, саступіўшы па суме дзвюх сустрэч латвійскай „Ліепаі” – 1:1 у гасцях і 1: 2 на хатняй арэне, а „Віцебск” апынуўся слабей за фінскі „Куопіо” – 0: 2 у гасцях і 1:1 дома.

ЮАС зняўся з чэмпіянату з-за недахопу фінансаў

З чэмпіянату Беларусі па футболе знялася каманда з Гомельскай вобласці. ЮАС з Жыткавічаў, які выступаў у другой лізе, спасылаецца на „цяжкае фінансавае становішча”, інфармуе football.by. У 13-м туры каманда не прыехала ў Стоўбцы на матч з „Нёманам-Агра”. ЮАС, а раней ФК „ЮА-Лад-Жыткавічы”, быў заснаваны ў 2014 годзе, фінансаваўся мясцовым прадпрыемствам. Каманда пачала з другой лігі, дзе выступала няўдала і ў 2016-м нават збіралася зняцца з чэмпіянату. Аднак у 2017 годзе яна ўзмацнілася гульцамі з іншых гарадоў і выйшла ў першую лігу, але ненадоўга. Сёлета ў другой лізе ЮАС быў „серадняком”, знаходзіўся на 10-м месцы сярод 16-ці ўдзельнікаў.

16 метраў над пелатонам «Тур дэ Франс»

Французскі велагоншчык BMX Валенція Ануй здзейсніў скачок над пелатонам „Тур дэ Франс” падчас дзясятага этапу спаборніцтваў. Ануй разагнаўся па схіле, адштурхнуўся ад рампы і праляцеў 16 м над галовамі велагоншчыкаў, прызямліўшыся з другога боку дарогі. Раней велагоншчыкі ўжо вырашаліся на аналагічны экстрэмальны скачок. Першая спроба была зафіксавана яшчэ ў 2012 годзе, яна стала няўдалай. 10-ы этап „Тур дэ Франс” выйграў бельгіец Ваут ван Арт. У агульным заліку лідыруе француз Жуліан Алафіліп.

US Open павялічыў прызавыя

Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе зноў павысіў прызавыя – на гэты раз да рэкордных 57 мільёнаў даляраў (у мінулым годзе агульны фонд складаў 53 мільёна). Пра гэта паведамляе твітэр турніру. Чэмпіёны адзіночных разрадаў сёлета заробяць па 3 мільёны 850 тысяч даляраў (на 50 тысяч больш, чым у мінулым), тыя, хто прайграе ў першым раўндзе – 58 тысяч (год таму было 54 тысячы). „US Open” сёлета будзе праходзіць з 26 жніўня па 8 верасня. Кваліфікацыя пачнецца 19 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя