Трамп падпісаў „закон Родчанкава” пра санкцыі за допінг



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 4 снежня падпісаў „Антыдопінгавы закон Родчанкава ад 2019 года”, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за махлярства з допінгам. Пра гэта паведамляецца на сайце Белага дому.

Сярод іншага, дакумент абавязвае міністэрства юстыцыі ЗША дзяліцца з амерыканскім антыдопінгавым агенцтвам інфармацыяй пра кожныя расследаванні, звязаныя з допінгам.

Закон быў прыняты абедзвюмя палатамі Кангрэса ЗША ў кастрычніку-лістападзе 2019 года. Ён прадугледжвае да 10 гадоў турэмнага зняволення альбо штраф да 1 мільёна даляраў для арганізатараў і ўдзельнікаў міжнародных допінгавых схемаў, аднак вызваляе ад адказнасці асобных спартоўцаў.

Акрамя гэтага, „закон Родчанкава” прадугледжвае механізм кампенсацый для атлетаў, якія пацярпелі ў выніку допінгавых змоваў.

Заканадаўчы акт названы па імені былога дырэктара Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава, які стаў інфарматарам САДА і раскрыў маштабную праграму дзяржпадтрымкі ўжывання допінгу ў Расеі. З-за гэтага алімпійская і паралімпійская зборныя Расеі былі адхілены ад Алімпіяды ў 2016 годзе. У канцы 2019-га года САДА прымяніла сама жорсткія ў гісторыі спорта санкцыі супраць Расеі, на чатыры гады адхіліўшы ад міжнародных спаборніцтваў і забараніўшы прымаць чэмпіянаты свету і падаваць заяўкі на іх правядзенне.

Беларускае Радыё Рацыя