Трансферны кошт Іллі Шкурына за год вырас на 700 тысяч еўра
Трансферны кошт форварда „Энергетыка”-БДУ і моладзевай зборнай Беларусі Іллі Шкурына за год вырас на 700 тысяч еўра. Па дадзеных нямецкага рэсурсу Transfermarkt, 20-гадовы нападнік падаражэў у 15 разоў. У топ-3 гульцоў вышэйшай лігі за 2019 акрамя Шкурына Габі Кікі (€ 300.000 -> € 750.000) і Віталь Квашук (€ 250.000 -> € 700.000).
Зборная Нарвегіі выйграла жаночую эстафету, беларускі паказалі 13-ты вынік
У рамках этапа Кубка свету па біятлоне ў Хохфільцэне зборная Нарвегіі выйграла жаночую эстафету. Беларускі квартэт у складзе Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко, Ганны Солы і Ірыны Кручынкінай з двума кругамі штрафу паказаў 13-ты вынік. Другімі прыбеглі расейкі, трэцяе месца ў швейцарак.
Дзюдаістка Марына Слуцкая стала трэцяй на турніры World Masters ў Кітаі
Беларуская спартоўка Марына Слуцкая (вагавая катэгорыя звыш 78 кг) заняла трэцяе месца на міжнародным рэйтынгавым турніры па дзюдо World Masters, які завяршыўся ў Ціндао (Кітай). Лідар нацыянальнай зборнай Беларусі па дзюдо правяла пяць схватак. У паядынку за бронзавую ўзнагароду Марына Слуцкая аказалася мацнейшай кітайскай спартоўкі. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася нідерландка Тэсі Савелкоўлс. Сярэбраная ўзнагарода дасталася прадстаўніцы Азербайджана Ірыне Кіндзерскай. Таксама бронзавы медаль на рахунку дзюдаісткі з Рэспублікі Карэя Хаюн Кім.
Роберт Куроўскі заваяваў срэбра на юнацкім ЧЕ па цяжкай атлетыцы ў Ізраілі
Беларускі спартовец Роберт Куроўскі (вагавая катэгорыя 102 кг) заняў другое месца на чэмпіянаце Еўропы U15 па цяжкай атлетыцы ў ізраільскім Эйлаце. У суме двуборства (рывок і штуршок) беларус справіўся з вагой у 271 кг (122 + 149). Золата ў румынскага атлета Іонута Тукала (121 + 160). Бронзавую ўзнагароду заваяваў паляк Шымон Зыялкоўскі (130 + 140).
Клоп працягнуў кантракт з «Ліверпулем» да 2024 года
Галоўны трэнер «Ліверпуля» Юрген Клоп працягнуў кантракт з клубам да 2024 года. Мінулае пагадненне немца з мерсісайдцамі было разлічана да лета 2021-га. Пад кіраўніцтвам Клопа «чырвоныя» дамагліся значнага прагрэсу, згулялі ў двух запар фіналах Лігі чэмпіёнаў і заваявалі трафей ў мінулым сезоне. «Ліверпуль» упэўнена ідзе да чэмпіёнства ў АПЛ – першаму для клуба з 1990 года.
