Трое легіянераў менскага „Дынама” вырашылі выступаць за хакейную зборную Беларусі



Трое хакеістаў менскага „Дынама” Шэйн Прынс, Франсіс Парэ і Дэні Тэйлар прынялі рашэнне выступаць за зборную Беларусі. Такая інфармацыя змяшчаецца на сайце Федэрацыі хакея Беларусі. Улічваючы згоду гульцоў, у арганізацыі прынялі рашэнне ініцыяваць змену спартовага грамадзянства хакеістаў.

„Цяпер у адпаведнасці з правіламі Міжнароднай федэрацыі хакея пасля заканчэння тэрміну абавязковага спартовага каранціну, якая складае 16 месяцаў з даты правядзення першага афіцыйнага матчу ў складзе беларускай каманды, ФХБ можа быць ініцыяваная працэдура хадайніцтва перад IIHF аб атрыманні гульцамі правы выступу ў афіцыйных турнірах”, – гаворыцца ў паведамленні.

Салігорскі „Шахцёр” перамог футбалістаў „Лівы” на зборы ў ААЭ

Чэмпіёны Беларусі футбалісты салігорскага „Шахцёра” святкавалі першую перамогу на перадсезонным трэніровачным зборы ў ААЭ. У Дубаі падначаленыя Рамана Грыгарчука сустракаліся з мясцовым клубам „Ліва” і выйгралі з буйным лікам 4:0. У першым тайме галы забілі Шахзадбек Убайдулаеў і Дэмба Дарбо, а пасля перапынку вызначыліся Дзмітрый Падстрэлаў і Андрэй Макаранка. Сёння футбалісты салігорскага клуба згуляюць з фаварытам расейскага першынства „Краснадарам”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч. Затым 31 студзеня беларускі чэмпіён правядзе таварыскі матч з пераможцам латвійскага першынства „Рыгай”, а на 6 лютага запланаваны спарынг з маскоўскім „Спартаком”.

«Інтэр» вырваў перамогу ў матчы з „Міланам” і выйшаў у паўфінал Кубка Італіі

У матчы 1/4 фіналу Кубка Італіі «Інтэр» сустракаўся з «Міланам». Сустрэча прайшла на стадыёне «Сан-Сіра» ў Мілане і завяршылася перамогай «Інтэра» з лікам 2:1. На 31-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Мілана» Златан Ібрагімавіч. У канцоўцы першага тайма паміж Ібрагімавічам і форвардам «Інтэра» Рамэлу Лукаку паўстаў канфлікт, у выніку якога абодва гульца атрымалі жоўтыя карткі. У другім тайме, на 58-й хвіліне, Ібрагімавіч атрымаў другую жоўтую і быў выдалены з поля. На 71-й хвіліне Лукаку паспяхова рэалізаваў пенальці і зраўняў лік. У кампенсаваны час сустрэчы паўабаронца «Інтэра» Крысціян Эрыксэн усталяваў канчатковы лік сустрэчы. Такім чынам, «Інтэр» выйшаў у 1/2 фіналу Кубка Італіі. У матчы 20-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Вэст Бромвіч Альбіён» быў разгромлены «Манчэстар Сіці» 0:5. Дубль на рахунку Ілкая Гюндагана. Такім чынам, „Манчэстар Сіці” здабыў сёмую перамогу запар у АПЛ. Падначаленыя Хасэпа Гвардыёлы ў 19 матчах набралі 41 ачко і займаюць першае месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі. «Арсенал» абыграў «Саўтгэмптан» 3:1, святкаваўшы пятую перамогу ў апошніх шасці матчах.

Томас Тухель стаў галоўным трэнерам „Чэлсі”

Лонданскі „Чэлсі” абвясціў аб прызначэнні Томаса Тухеля на пасаду галоўнага трэнера. Як паведамляе прэс-служба, спецыяліст заключыў кантракт тэрмінам на паўтара года. Раней „сініх” узначальваў Фрэнк Лампард. Тухель апошнія два з паловай гады кіраваў „ПСЖ”. 29 снежня парыжане адправілі трэнера ў адстаўку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя