Тры медалі беларусаў у чацвёрты дзень Еўрагульняў



Беларускія спартоўцы заваявалі тры медалі ў чацвёрты дзень Еўрапейскіх гульняў-2019 у Менску. І ўсе яны залатыя: у шашэйнай „разделцы” вызначыўся Васіль Кірыенка, у скачках на батуце бліснулі Ганна Ганчарова і Марыя Махарынская (сінхронныя скачкі) і Уладзіслаў Ганчароў (індывідуальныя скачкі). У агульным заліку беларусы па-ранейшаму займаюць другое месца ўслед за расейцамі.

Сабаленка прайшла ў 1/8 фінала турніру ў Істубурне

Першая ракетка Беларусі і 10-я ракетка свету Арына Сабаленка прабілася ў 1/8 фіналу прэстыжнага турніру ў брытанскім Істбурне з прызавым фондам 933 тысячы даляраў. У стартавым матчы яна ў двух партыях абыграла славенку Тамару Зіданшэк – 6: 2, 6: 3. У чвэрцьфінале Сабаленка згуляе з датчанкай Каралінай Вазняцкі.

Дарафееў з БГК пяройдзе ва „Універсітэт-Нява”

Беларускі паўсярэдні Павел Дарафееў працягне кар’еру ў расейскім клубе „Універсітэт-Нява”. Кантракт разлічаны на два гады. У двух папярэдніх сезонах 22-гадовы гандбаліст выступаў за БГК ім. Мяшкова. Ён не трапляў у заяўку берасцейскага клуба на матчы Лігі чэмпіёнаў, але атрымаў практыку ў SEHA-лізе і прыняў удзел у заваяванні камандай чарговага тытула чэмпіёна Беларусі, – паведамляе handballfast.com са спасылкай на афіцыйны сайт „Універсітэта-Нявы”.

Эліат падпісаў кантракт з „зубрамі”

Канадскі абаронца Стэфан Эліат заключыў аднагадовы кантракт з хакейным „Дынама-Менск”. У 16 гадоў пачатковец дэбютаваў у WHL за каманду „Саскатун” і правёў у ёй чатыры сезоны. У НХЛ замацавацца яму не ўдалося, а ў Еўропе абаронца згуляў за „Ак Барс” і шведскі ХВ-71. Летась ў складзе зборнай Канады ён стаў бронзавым прызёрам Алімпіяды. Пасля гулец зноў спрабаваў замацавацца ў НХЛ, аднак летам прыняў прапанову „зуброў”. Два гады таму менскае „Дынама” атрымала права ў КХЛ на Стэфана Эліата ў абмен на Роба Клінкхамера.

Шаранговіч прыме ўдзел у лагеры „Нью-Джэрсі”

Беларускі нападнік сістэмы „Нью-Джэрсі Девілз” Ягор Шаранговіч у ліпені адправіцца за акіян у лагер развіцця клуба. У дадзены момант ён рыхтуецца да сезону на радзіме па індывідуальнай праграме.

У мінулым сезоне кэмп праходзіў з 10 па 14 ліпеня. Шаранговіч, задрафтаваны „д’ябламі” у 2018 годзе ў пятым раўндзе пад агульным 141-м нумарам, прымаў у ім удзел у ліку 33 іншых хакеістаў.

Раней у лагеры развіцця каманд НХЛ адправіліся іншыя беларусы – Яўген Аксенцюк у „Манрэаль”, Сяргей Сапега, Уладзімір Алістраў у „Таронта”, Уладзіслаў Яроменка ў „Нэшвіл”, Максім Сушко у „Філадэльфію”, Уладзіслаў Калячонак у „Фларыду” і Аляксей Протас у «Вашынгтан”, – нагадвае hockey.by.

Беларускае Радыё Рацыя