Тры медалі фрыстайлістаў
На базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па зімовых відах спорту „Раўбічы” завяршыўся этап Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы, на якім беларускія спартоўцы змаглі выйграць тры ўзнагароды. У першы дзень спаборніцтваў Вольга Капусціна заняла другое месца, прайграўшы толькі расейцы Крысціне Спірыдонавай. Беларуска толькі на 14 сотых бала апярэдзіла яшчэ адну прадстаўніцу Расеі Таццяну Бабіч. Зрэшты, Бабіч ўзяла потым рэванш, паказаўшы больш выразныя скачкі на трампліне, і апярэдзіўшы гаспадыню спаборніцтваў: Капусціна стала трэцяй, Бабіч – другой. Выйграла ж старт, як і напярэдадні Крысціна Спірыдонава. У заключны дзень этапу Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы скарбонку беларускай каманды срэбнай узнагародай папоўніў таксама Арцём Башлакоў. Этап Кубка Еўропы ў „Раўбічах” стаў генеральнай рэпетыцыяй перад стартам фінальнага этапу Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які прыме Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту 1-2 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя
