Цэнтравы баскетбольнай зборнай Латвіі Клавс Чаверс перайшоў у «Цмокi-Менск»



Цэнтравы баскетбольнай зборнай Латвіі Клавс Чаверс перайшоў з «Вентспілса» ў «Цмокi-Менск». За час сваёй гульнявой кар’еры 24-гадовы латвійскі баскетбаліст таксама гуляў у рыжскім ВЭФе, іспанскім клубе «Гран-Канарыя» і турэцкім «Генчліку». Нядаўна кантракты з менскімі «Цмокамi» працягнулі Уладзімір Верамеенка, Аляксей Трасцянецкі, Яўген Белянкоў і Андрэй Стаброўскі. А вось Віталь Лютыч вырашыў пакінуць склад «цмокаў» і перайшоў у клуб расейскай суперлігі «Самару».

Беларусь прыме адборачныя матчы ЧЕ па валейболе сярод жанчын

Еўрапейская канфедэрацыя валейбола даверыла Беларусі правядзенне адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы сярод жаночых каманд у групе А. Турнір з удзелам зборных Беларусі, Эстоніі і Швейцарыі пройдзе з 18 па 23 жніўня ў Менску. Астатнія падрабязнасці стануць вядомыя ў бліжэйшы час.

Барыс Панкратаў прызнаны заўзятарамі найлепшым гульцом «Слуцка» ў маі

Галкіпер «Слуцка» Барыс Панкратаў абраны найлепшым гульцом клуба ў маі ў выніку галасавання заўзятараў. У апошнім месяцы вясны «цукровыя» правялі чатыры матчы чэмпіянату Беларусі, у якіх набралі чатыры ачкі. «Слуцк» адолеў менскае «Дынама» (2:1), згуляў унічыю з «Рухам» (1:1), прайграў «Энергетыку»-БДУ (1:2) і БАТЭ (0:3).

Берні Эклстоўн: Хэмілтан больш не будзе зарабляць 50 мільёнаў у год

Ганаровы прэзідэнт «Формулы-1» Берні Эклстоўн лічыць, што гоначнікам прыйдзецца пайсці на істотнае зніжэнне зарплаты ў найбліжэйшай будучыні. Прычынай гэтага Эклстоўн называе фінансавыя цяжкасці, з якімі сутыкнуліся каманды ва ўмовах пандэміі. Раней Льюіс Хэмілтан разлічваў падпісаць з «Мэрсэдэсам» новы кантракт, па якім атрымліваў б каля 50 мільёнаў даляраў у год.

«Льюіс Хэмілтан больш ніколі не будзе зарабляць 50 мільёнаў даляраў у год. У будучыні ўсім пілотам прыйдзецца пайсці на істотнае зніжэнне зарплаты. Так што можна сказаць, што залатая эпоха» Формулы-1 «засталася ў мінулым», – цытуе Эклстоўна Blick.

Беларускае Радыё Рацыя