Ці дыскваліфікавалі беларускіх штангістаў?



Федэрацыя цяжкай атлетыкі патрапіла пад санкцыі, але не ўсё так адназначна.

Днямі з’явілася паведамленне, што, па рашэнні Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі, беларуская федэрацыя адхілена на год (акрамя Беларусі пад санкцыі патрапілі яшчэ восем краін). Маўляў, адхілены тыя федэрацыі, у якіх пры пераправерцы допінг-проб Алімпіды-2008 і Алімпіяды-2012 былі знойдзены тры і больш станоўчыя тэсты.

Такім чынам, дыскваліфікаваныя каманды не змогуць прыняць удзел у чэмпіянаце свету, які пройдзе ў гэтым годзе ў ЗША.

“Найперш трэба сказаць, што на гэтым першынстве свету не будуць разыгрывацца алімпійскія ліцэнзіі, таму дыскваліфікацыя ніякім чынам не адаб’ецца на беларускай зборнай, – распавядае чалавек, які набліжаны да Федэрацыі цяжкай атлетыкі Беларусі, і ведае сутнасць сітуацыі. – Больш за тое – на чэмпіянат свету-2017 трэнеры нават не збіраліся браць спартсменаў асноўнага складу, у ЗША паехала б моладзь. Але, наколькі вядома, нават няма яшчэ афіцыйнага рашэння аб дыскваліфікацыі, яно павінна з’явіцца ў бліжэйшыя дні”.

З 15 па 22 кастрычніка ў Албаніі пройдзе чэмпіянат Еўропы, на якім выступяць юнацкія і маладзёжныя зборныя. Калі беларускую федэрацыю дыскваліфікавалі, то ці зможа там прыняць удзел наша зборная?

“Так, беларуская каманда амаль на 100 адсоткаў будзе там удзельнічаць, – дадае суразмоўца. – Таму я наогул не разумею, пра якую дыскваліфікацыю кажуць. Можа быць, на хвалі антыдопінгавай барацьбы вырашылі “прэсануць” цяжкую атлетыку, а таму і выбралі такія “меры пакарання”. Але, напэўна, максімум, што прыдумаюць – пропуск чэмпіяната свету, які, як ужо казаў, нічога не вырашае. А пра дыскваліфікацыю на год – гэта пакуль неафіцыйная інфармацыя. Тут больш СМІ раздзімаюць вогнішча…”

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя