Ці палепшылі футбол відэапаўторы?



Суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук распавёў пра тое, як ён ацэньвае відэадапамогу арбітрам, якая практыкуецца на сёлетнім чэмпіянаце свету па футболе.

На гэтым першынстве арбітры дзясяткі разоў спыняюць матчы і звяртаюцца па відэадапамогу. Зараз у арбітраў ёсць магчымасць з дапамогай тэхнікі паглядзець, ці было парушэнне, па-за гульнёй альбо ўзяцце варот. На падставе гэтага і выносіцца канчатковае рашэнне ў нейкіх супярэчлівых момантах. Некаторыя мяркуюць, што з-за гэтага знікае прывабнасць футбольнай гульні, часткай якой заўсёды раней былі і судзейскія памылкі.

Вадзім Жук: Думаю, Міжнародная федэрацыя футбола пайшла на ўкараненне відэапаўтораў таму, што апошнім часам суддзі сталі дапускаць шмат памылак, якія вельмі ўплывалі на вынік. Каб пазбегнуць гэтага, і заклікалі на дапамогу тэхніку. Па вялікім рахунку, сістэма сябе апраўдвае на гэтым чэмпіянаце, бо памылкі зведзены да мінімума. За выключэннем некаторых момантаў, калі былі прыняты няправільныя рашэнні. А спрэчных момантаў было даволі шмат.

РР: Але футбол тым і адрозніваўся ад хакея, што раней відэапаўтораў тут не было…

Вадзім Жук: Мяркую, што заўзятар і на самай справе крыху згубіў, бо аматары футболу прызвычаіліся ўжо, што рашэнне арбітра – закон. Хаця яно магло быць і няправільным. Але ж прагрэс не стаіць на месцы, можа быць, калі-небудзь наогул адмовяцца ў футболе ад суддзяў.

РР: Як вам наогул судзейства на гэтым чэмпіянаце?

Вадзім Жук: Пакуль на добрым узроўні. Можа быць, якраз сістэма відэапаўтораў гэтаму і паспрыяла.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя