Ці патрэбны Беларусі Еўрапейскія гульні?



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец тлумачыць, чаму для большасці беларускіх аматараў спорту Еўрапейскія гульні “да лямпачкі”.

Нагадаем, што Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня гэтага года. Беларускі кіраўнік краіны, які адначасова ўзначальвае і Нацыянальны алімпійскі камітэт, ужо заявіў, што гульні стануць значнай падзеяй для ўсяго беларускага народа.

Павел Знавец: Многія аўтарытарныя рэжымы захапляюцца правядзеннем спартыўных спаборніцтваў, гэта ў гісторыі было, ёсць і будзе. Беларускім уладам таксама неабходна паказваць перыядычна сваю значнасць і ладзіць рознага кшталту міжнародныя фэсты, якія, упэўнены, большасці аматарам спорту і простым людзям абсалютна “да лямпачкі”, бо хапае ў краіне сваіх праблем.

Тым больш, гэтыя гульні па сваім статусе і прэстыжы знаходзяцца на вельмі нізкім уроўні. Звычайная шараговая падзея на ўзроўні, можа быць, чэмпіянату Еўропы. А выдаткаў патрабуе вельмі значных.

РР: Прэм’ер-міністр Сяргей Румас паведаміў, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт не прыцягнуў да правядзення вышэйзгаданага мерапрыемства ніводнага знешняга спонсара…

Павел Знавец: Гэта яшчэ раз пацвярджае маю ўпэўненасць, што гэтыя гульні мала каму цікавыя. Бізнес заўсёды рэагуе на рознага кшталту важныя спартыўныя мерапрыемствы, ён з’яўляецца індыкатарам значнасці той ці іншай падзеі. Таму я не здзіўлюся, калі акажацца, што краіна яшчэ і панясе выдаткі ад правядзння гэтага фэсту.

Але гісторыя паказвае, што ўлада з гэтым не лічыцца, дзейнічаючы па прынцыпе: народу – хлеба і відовішч. І калі з хлебам пэўная праблема, то відовішчаў у нас і насамрэч хапае. Таму Еўрапейскія гульні – гэта больш піяр для самой улады, чым спартыўная падзея, якая цікавая аматарам спорту.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя