Ці пажэняцца Домрачава і Б’ёрндален?



Пасля таго, як беларуская біятланістка Дар’я Домрачава сабрала ўсе галоўныя ўзнагароды, спартсменка можа падумаць і аб стварэнні сям’і.

Днямі яна дабавіла на сваю паліцу яшчэ адзін трафей, якога ў яе яшчэ ніколі не было, – Вялікі хрустальны глобус. У выніку – поўны камплект! Трохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету, уладальніца Вялікага і некалькіх Малых хрустальных глобусаў. Герой Беларусі, самая тытулаваная беларуская спартстменка на зімовых Алімпійскіх гульнях… Можа менавіта зараз Даша і выбярэ час для стварэння сям’і?

Маці чэмпіёнкі Ларыса Мініна з нагоды таго, ці прапусціць Даша наступны сезон, адказала філасофскі: “Дачка сама ведае, што ёй рабіць і як будзе лепш для яе. Я прыму і падтрымаю любое яе рашэнне”.

Як вядома, у апошнія гады неаднаразова ўзнікалі чуткі пра раман Домрачавай са знакамітым нарвежскім біятланістам Оле-Эйнарам Б’ёрндаленам, якога празвалі Каралём біятлона. У гэтым месяцы, напрыклад, у сацыяльных сетках з’явіўся фотаздымак, на якім можна пабачыць маладых людзей, якія падобныя на зорных біятланістаў. Яны, нібыта, гулялі разам па адным з гандлёвых цэнтраў у Фінляндыі, дзе праходзіў чэмпіянат свету.

„Пра раман Домрачавай з Бьёрндаленам і чуў, і чытаў… Пасмяяўся, калі 1 красавіка паведамілі пра шлюб спартсменаў, – распавёў днямі ў СМІ дзядька Дар’і Домрачавай Мікалай Мінін. – Хаця нарвежац насамрэч сышоў ад жонкі, і я нават не выключаю, што ў яго былі нейкія адносіны з Дашай. Але сама яна пра гэта замоўчвае – і дзякуй Богу! Не трэба лезці ў чужое жыццё…”.

Дарэчы, як стала вядома з інфармаванай крыніцы, Б’ёрндален прыязджаў у Менск, каб пазнаёміцца з маці Дашы Домрачавай, а, магчыма, і будучай цешчай.

“Нарвежац прыязджаў у беларускую сталіцу год таму, пасля алімпійскага трыумфа Дашы ў Сочы, — распавёў Радыё Рацыя суразмоўца. – Усё трымалася ў тайне, каб журналісты не даведаліся. Нават не ўсе родныя Дашы пра гэта ведалі, а дазналіся толькі пазней…”

У гэтым месяцы Менск наведала вядомая ўкраінская біятланістка Віта Семярэнка, якая па стане здароўя прапускала гэты сезон. Віта звярнулася да беларускіх дактароў наконт аперацыі яе бацьку, але падчас прыезду крыху распавяла і пра Дашу Домрачаву.

“У біятлонным асяродку ўсе ведаюць пра адносіны Дашы і Б’ёрндалена, тут ні для каго сакрэтаў няма ўжо даўно, – перадае словы Віты Семярэнкі адзін з урачоў. – Домрачава нават трэніравацца стала разам з нарвежцамі”.

Гэтую ж інфармацыю пацвердзіў і расейскі спартовы каментатар Дзмітрый Губерніеў падчас трансляцыі гонкі на чэмпіянаце свету.

“Дар’я Домрачава вырашыла ісці сваім шляхам, – заявіў ён. – Шмат трэніруецца разам з Б’ёрндаленам, нярэдка – па яго праграмах. З гэтай нагоды асаблівага кантакту са сваімі трэнерамі ў яе не назіраецца – ёсць у мяне такая эсклюзіўная інфармацыя”.

Час пакажа, чым закончыцца сяброўства беларускі і нарвежца. Сама ж Даша з гэтай нагоды кажа так: “Афіцыйнай інфармацыя аб маім асабістым жыцці будзе толькі паведамленне аб маім шлюбе. Усё астатняе – чуткі, якія не бачу сэнсу каментаваць”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя