Ціманоўская падпісала ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту



Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская і яе муж Арсень Зданевіч падпісалі ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. 16 жніўня прайшоў роўна год з моманту стварэння адкрытага ліста. На дадзены момант ліст падпісалі 2138 чалавек.

Тэйлар, Бэйлен, Стась, Калячонак – у складзе зборнай Беларусі, якая рыхтуецца да алімпійскай кваліфікацыі

Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Крэйга Вудкрафта прыступіла да падрыхтоўкі да алімпійскай кваліфікацыі. Турнір пройдзе з 26 па 29 жніўня ў Браціславе. Супернікамі беларусаў у барацьбе за адзіную пуцёўку на Алімпіяду-2022 стануць славакі, аўстрыйцы і палякі. У бліжэйшы тыдзень запланаваны два спарынгі з „Барысам” (Казахстан, КХЛ) – 19 і 21 жніўня. Абодва матчы пачнуцца ў 15.00. У пачатку наступнага тыдня зборная Беларусі адправіцца ў Славакію, дзе прадоўжыць падрыхтоўку да старту міні-турніру.

„Рэал” гатовы прапанаваць Мбапэ „галактычны” заробак

„Рэал” цікавіцца форвардам „ПСЖ” Кіліанам Мбапэ, паведамляе Cadena SER. Па дадзеных крыніцы, футбаліст хоча перайсці ў мадрыдскі клуб і паведаміць пра гэта кіраўніцтву „ПСЖ”. Пры гэтым ён не збіраецца байкатаваць трэніроўкі і матчы, каб прымусіць парыжан адпусціць яго. „Рэал” гатовы аддаць за гульца 120 мільёнаў еўра. Самому футбалісту клуб прапануе пяцігадовы кантракт і заробак, які крыніца ахарактарызавала як „галактычны”. 22-гадовы француз у бягучым сезоне правёў два матчы за „ПСЖ” і забіў адзін мяч пры двух галявых перадачах. Яго кантракт заканчваецца 30 чэрвеня 2022 года. Transfermarkt ацэньвае гульца ў 160 мільёнаў еўра.

Дзевяць былых клубаў-стваральнікаў Суперлігі вярнуліся ў склад ECA

Асацыяцыя еўрапейскіх футбольных клубаў (ЕСА) на сваім афіцыйным сайце абвясціла аб вяртанні ў склад арганізацыі дзевяці клубаў, якія пакінулі праект Суперлігі. У ЕСА вярнуліся „Арсенал”, „Чэлсі”, „Ліверпуль”, „Манчэстар Сіці”, „Манчэстар Юнайтэд”, „Тотэнхэм”, „Атлетыка”, „Мілан” і „Інтэр”. „Ювентус”, „Рэал” і „Барселона” ўсё яшчэ не выйшлі з складу Суперлігі. Вяртанне гэтых клубаў у ЕСА ў бліжэйшы час не плануецца.