Ціраспальскі „Шэрыф” сенсацыйна перамог „Рэал” у Лізе чэмпіёнаў



Малдаўскі „Шэрыф” сенсацыйна абыграў у гасцях мадрыдскі „Рэал” у Лізе чэмпіёнаў. Пасля нечаканай хатняй перамогі ў данецкага „Шахцёра” 2:0 дэбютанты групавой стадыі чэмпіёны Малдовы стварылі яшчэ больш гучную сенсацыю, абыграўшы ў Мадрыдзе 13-разовага ўладальніка галоўнага кантынентальнага турніру з лікам 2:1. Адбіваючыся ад нападаў іспанскага гранда, падначаленыя Юрыя Вернідуба не забывалі аб контратаках і на 25-й хвіліне сустрэчы адну з іх дакладным ударам завяршыў былы гулец „Энергетыка-БДУ” і салігорскага „Шахцёра” узбекскі форвард Джасурбек Яхшыбоеў. Толькі ў сярэдзіне другога тайма „Рэал” змог аднавіць раўнавагу, калі Карым Бензема рэалізаваў пенальці. Аднак госці, адбіўшы ўсе атакі мадрыдскага клуба, у канцоўцы гульні здолелі ў другі раз дамагчыся поспеху – на 90-й хвіліне пераможны мяч забіў Себасцьян Цілі. У іншым матчы групы D футбалісты данецкага „Шахцёра” ў Кіеве разышліся мірам з міланскім «Інтэрам» – 0:0, таму малдаўская дружына з 6 ачкамі ўзначаліла турнірную табліцу. У цэнтральным паядынку другога тура французскі „Пары Сен-Жэрмен” абыграў на сваёй арэне англійскі „Манчэстэр Сіці” з лікам 2:0. Ужо на 5-й хвіліне сустрэчы Ідрыс Гуе вывеў гаспадароў наперад, а на 74-й хвіліне свой першы гол у складзе парыжан забіў Ліянэль Месі. „Бруге” выйграў на выездзе ў „Лейпцыга” – 2:1. Суддзя адмяніў два галы з дапамогай VAR. Бельгійцы разам з „Пары Сэн-Жэрмэн” лідыруюць ў групе. У квартэце С амстэрдамскі „Аякс” святкаваў другую вікторыю, абыграўшы турэцкі „Бешыкташ” 2:0, а дортмундская „Барусія” без свайго лідара Холанда адолела партугальскі „Спортынг” 1:0. „Аякс” і „Барусія” набралі па 6 ачкоў і лідыруюць у групе. «Атлетыка» абыграў «Мілан», забіўшы вырашальны гол з пенальці ў дадатковы час. Лік матчу быў адкрыты ў першым тайме. На 20-й хвіліне сустрэчы з перадачы Браіма Дыяса вызначыўся нападнік «Мілана» Рафаэл Леаў. З 29-й хвіліны матчу гаспадары гулялі ў меншасці. Другую жоўтую картку атрымаў паўабаронца Франк Кес’е. На 84-й хвіліне сустрэчы нападаючы «матраснікаў» Антуан Грызман зраўняў лік з перадачы Рэнана Лодзі. У дададзены да другога тайма час суддзя Джунэйт Чакыр паставіў пенальці ў браму «Мілана». Да «кропкі» падышоў Луіс Суарэс і прынёс сваёй камандзе перамогу. У гэтай жа групе „Порту” быў разгромлены „Ліверпулем” – 1:5.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру ў Чыкага

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая мае 34-ы нумар рэйтынгу WTA, пераможна стартавала на турніры ў амерыканскім Чыкага з прызавым фондам 565 тысяч даляраў. У стартавым паядынку экс-першая ракетка свету сустракалася з кітаянкай Чжан Шуай і ўсяго за гадзіну выйграла ў двух сэтах – 6:2, 6:1. Наступнай суперніцай Азаранкі будзе амерыканская тэнісістка Хэйлі Баптыст.

Шаранговіч закінуў шайбу ў двусторонке «Нью-Джэрсі»

Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч закінуў шайбу ў двухбаковай гульні «Нью-Джэрсі». Форвард гуляў у тройцы з Джэкам Х’юзам і Томашам Татарам. Шаранговіч вызначыўся ў трэцім перыядзе і ўсталяваў канчатковы лік – 3:1. 30 верасня „Нью-Джэрсі» у першым перадсезонным матчы згуляе з «Вашынгтонам».