„Цмокі” не здолелі вылецець з Казані ў Менск у сувязі з непагаддзю



Баскетбалісты менскага клуба „Цмокі” з-за дрэнных умоў надвор`я не маглі вылецець з Казані дадому пасля гульні Адзінай лігі ВТБ з УНІКСам. Рэйс адмянілі, а гульцы і трэнерскі штаб вярнуліся ў гатэль.

„Каманда прыехала ў міжнародны аэрапорт Казані раніцай панядзелка, але пасля трохгадзіннага чакання даведалася пра тое, што з мэтай бяспекі ўсе вылеты перанесеныя на больш позні тэрмін. Чакаецца, што „Цмокі” вернуцца ў Менск заўтра днём (6 лютага. — БелаПАН.)”, — паведаміла прэс-служба беларускага клуба.

У дзень матчу, 4 лютага, у Казані былі ледзяны дождж і галалёд. Затым пачаўся моцны снегапад, які працягваецца дгэтуль. За ноч у горадзе выпала месячная норма ападкаў. Цыклон прыйшоў з боку Масквы, дзе таксама выпала месячная норма ападкаў. Перад гэтым ён закрануў паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі (зарэгістравана каля паловы лютаўскай нормы ападкаў).

7 лютага „Цмокі” павінны правесці дома матч другога этапу Кубка ФІБА супраць чарнагорскага „Морнар Бара”. Менская каманда прэтэндуе на выхад у топ-16 турніру.

Нядзельны паядынак з УНІКСам завяршыўся перамогай казанцаў — 87:62. У Адзінай лізе ВТБ „Цмокі” пацярпелі чатыры паразы запар і пасля 13 гульняў займаюць 9-е месца сярод 13 каманд.

belapan.by