„Цмокі-Менск” 13-ы раз заваявалі Кубак Беларусі



„Цмокі-Мінск” 13-ы раз заваявалі мужчынскі Кубак Беларусі па баскетболе. У фінальным матчы „Цмокі” разграмілі „Гродна-93” — 81:49. Самым выніковым гульцом у складзе „Цмокаў” стаў Джэйсан Кларк, які набраў 22 ачкі. Ён быў прызнаны MVP Кубка Беларусі. Найлепшым абаронцам турніру стаў Уладзіслаў Мікульскі з „Барысфена”, найлепшым форвардам прызналі Кірыла Чумакова з „Гродна-93”, найлепшым цэнтравым — Вадзіма Стубеду з „Цмокі-Менск”, найлепшым маладым гульцом — Уладзіслава Швакеля з „Гродна-93”. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў гулец „Барысфена” Арцём Секушэнка.

„Гомель” разграміў „Нёман”

У чарговым матчы чэмпіяната Беларусі па хакею ў экстралізе „Гомель” разграміў у гасцях „Нёман” 7:1 – Развадоўскі закінуў тры шайбы, а „Брэст” адолеў „Магілёў” 3:1.

Павел Паўлючэнка блізкі да пераходу ў „Ахмат”

Беларускі брамнік „Руху” Павел Паўлючэнка блізкі да пераходу ў расейскі „Ахмат”. Галкіпер падпіша з чачэнскім клубам кантракт тэрмінам на 3,5 гады. У вышэйшай лізе ў 2021 годзе Паўлючэнка правёў 28 матчаў, прапусціў 27 мячоў і 15 разоў згуляў на нуль.

„Жамчужына Палесся” абыграла „Камунальнік”-МДУ ў паўфінале Кубка Беларусі

У другім паўфінальным матчы жаночага Кубка Беларусі „Жамчужына Палесся” перамагла „Камунальнік”-МДУ — 3:1. Сустрэча прайшла ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец”. У першым паўфінале „Мінчанка” абыграла „Прыбужжа” — 3:0. Фінал і матч за трэцяе месца пройдуць у магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец” і пачнуцца адпаведна ў 17.30 і 15.00.

КХЛ аштрафавала „Ёкерыт” за інцыдэнт з беларускім гімнам на матчы з менскім „Дынама”

Кантынентальная хакейная ліга аштрафавала фінскі „Ёкерыт” за інцыдэнт з гімнам Беларусі на матчы рэгулярнага чэмпіянату з менскім „Дынама”, які прайшоў 22 снежня, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу КХЛ. Перад пачаткам матча замест гімна Беларусі прагучала іншая музыка. „Ёкерыт” заявіў пра „тэхнічную праблему”. А фанаты фінскай каманды правялі акцыю салідарнасці з беларусамі — першыя 10 хвілін яны маўчалі. У якасці „жэсту салідарнасці з тымі, у каго забралі голас”.

Беларускае Радыё Рацыя