„Цмокi-Менск” і „Барысфен” сталі фіналістамі чэмпіянату Беларусі па баскетболе



На баскетбольным чэмпіянаце Беларусі сярод мужчынскіх каманд завяршыліся паўфінальныя серыі. Як і чатыры апошнія сезоны, за залатыя медалі паспрачаюцца „Цмокi-Менск” і магілёўскі „Барысфен”.
Дзеючыя чэмпіёны краіны баскетбалісты „Цмокi-Менск” у трэцім матчы паўфінальнай серыі перамаглі на выездзе супернікаў з „Гродна-93” – 80:61. На сваёй пляцоўцы падначаленыя Расціслава Вергуна таксама былі мацнейшыя – 89:76 і 93:66.

У другой паўфінальнай серыі лідар рэгулярнага сезона магілёўскі „Барысфен” таксама ў трох паядынках выйграў у віцебскага клуба „Рубон”. Магіляўчане перамаглі ў гасцях 84:64, а да гэтага бралі верх у сябе дома – 89:81 і 88:72. Першыя паядынкі вырашальнай серыі за чэмпіёнскі тытул адбудуцца 6 і 8 траўня на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец”.

Сабаленка і Бадоса прайгралі ў 1/16 фіналу парнага разраду турніру ў Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка і іспанка Паўла Бадоса не змаглі выйсці ў другі раунд парнага разраду турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 6,5 мільёнаў даляраў.  У матчы 1/16 фіналу беларуска-іспанская пара роўна за гадзіну саступіла амерыканскаму дуэту Джэсіка Пегула/Коры Гаўф – 1:6, 4:6. 

Біятланістаў, якія не паехалі на турнір у Расею, адхілілі ад зборнай

Двух беларускіх біятланістаў пазбавілі прэмій і адхілілі ад удзелу ў зборнай за адмову ехаць на спаборніцтвы ў Расею, пішуць спартовыя СМІ. Гэта Максім Варабей і Раман Елетнаў. Іх лёс бліжэйшым часам вырашыць трэнерскі штаб. Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны беларускія і раійскія біятланісты былі адхіленыя ад усіх міжнародных турніраў. А пазней IBU нават прыпыніў членства спартовых федэрацый Беларусі і Расіі. Пасля гэтага беларускія біятланісты ўдзельнічалі толькі ў расійскіх турнірах, якія прайшлі гэтай вясной.

У Менску ўручылі ўзнагароды лепшым хакеістам мінулага сезона

У Менску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў чэмпіянату Беларусі па хакеі. Спецыяльную прэмію „Твар эпохі” атрымалі хакеісты Андрэй і Сяргей Касціцыны і Міхаіл Грабоўскі, трэнеры Міхаіл Захараў і Уладзімір Крыкуноў, а таксама лекар Георгій Заткоўскі. Лепшым арбітрам сезона быў прызнаны Максім Сідарэнка, лепшай арэнай стаў Лядовы палац „Металург” у Жлобіне. Прыз за адданасць хакею дастаўся форварду „Шахцёра” Аляксандру Жыдкіх, за плячыма якога ўжо 22 прафесійныя сезоны.
Лепшым абаронцам сезона быў прызнаны капітан мінскага „Юнацтва” Андрэй Антонаў, ён жа атрымаў прыз імя Руслана Салея за лідэрскія якасці на лёдзе і за яго межамі. Лепшым галкіперам стаў брамнік жлобінскага „Металурга” Аляксандр Самойлаў, званне лепшага нападніка было прысвоена яго аднаклубніку Аляксею Міхнову, яму ж уручылі прыз самаму карыснаму гульцу рэгулярнага чэмпіянату.

„Севілья” згуляла ўнічыю з „Кадысам” у матчы 34-га тура

Футбалісты „Севільі” згулялі ўнічыю з „Кадысам” у стартавым матчы 34-га тура чэмпіянату Іспаніі. У гаспадароў поля вызначыўся Юсэф Эн-Нэсіры. Гасцям дазволіў сысці ад паразы гол Лукаса Перэса.
Футбалісты „ПСЖ” упусцілі перамогу над „Страсбурам” у дададзены час матчу 35-га тура чэмпіянату Францыі – 3:3. Форвард парыжан Кіліян Мбапэ аформіў дубль.

Зборная Украіны правядзе таварыскі матч з менхенгладбахскай „Барусіяй”

У рамках падрыхтоўкі да стыкавых матчаў чэмпіянату свету 2022 года зборная Украіны згуляе таварыскі матч з „Барусіяй” з Менхенгладбаха, паведамляе Федэрацыя футбола Украіны. Паядынак пройдзе 11 траўня на стадыёне „Барусія-Парк”, які змяшчае 54 тысячы гледачоў. Украінскія аматары футбола змогуць трапіць на матч бясплатна. 

Беларускае Радыё Рацыя