„Цмокі” на выездзе саступілі „Клужу”



Менскія „Цмокі” на выездзе прайгралі румынскаму „Клужу” ў матчы асноўнага раунда Кубка ФІБА – 74:76. Самым выніковым у складзе беларускай дружыны быў амерыканец Роберт Лоуры, які набраў 17 ачкоў. Такім чынам, „цмокі” змогуць аформіць выхад з групы толькі ў заключным раундзе.

Пасля паразы ад СКА заўзятары „Дынама” выклікалі на размову Вудкрафта, Мезіна і гульцоў каманды

Заўзятары менскага „Дынама” пасля бязвольнай паразы ад СКА з ліка 0:5 у выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ запатрабавалі ад „зуброў” тлумачэнняў. Каманда страціла нават матэматычныя шанцы на плэй-оф за 10 сустрэч да канца рэгулярнага сезона. Пасля матчу ніхто не збіраўся разыходзіцца, заўзятары чакалі гульцоў ля выхаду – і дачакаліся. Першым „да бар’ера” прыйшоў Арцём Дзямкоў. Даволі доўга размаўлялі з фанамі Аляксандр Паўловіч і Аляксандр Кітараў. Пасля публічнай дыскусіі заўзятары нават адводзілі іх у бок, каб пагаварыць сам-насам. І гэтай размовай, мяркуючы па сяброўскаму поціску рукі ў канцы, засталіся задаволеныя. Ужо ля аўтобуса каманды да заўзятараў выйшлі Крэйг Вудкрафт, Андрэй Мезін і Андрэй Касціцын на правах капітана. Крэйг Вудкрафт папрасіў прабачэння ў заўзятараў за вынікі. Андрэй Касціцын адказваў на пытанні па гульні каманды, а Андрэй Мезін распавядаў пра трэніроўкі галкіпераў і выбары брамніка на тую ці іншую гульню. Ад’язджаючы ў аэрапорт аўтобус каманды сустрэлі скандаваннем „Дынама! Дынама!” – распавядае пра тое, што здарылася ў Санкт-Пецярбургу hcdinamo.by.

Таварыскі матч берасцейскага «Дынама» ледзь не скончыўся бойкай гульцоў

Дзеючы чэмпіён Беларусі па футболе берасцейскае «Дынама» на першым турэцкім зборы правяло трэці кантрольны спарынг супраць браціслаўскага «Слована». Беларускі клуб перамог з мінімальным лікам 1: 0. Галоў у першым тайме забіта не было, а больш момантаў стварылі берасцейцы. Другую палову матчу лепш правялі ўжо супернікі беларускага клуба, але забілі гол берасцейцы. Вызначыўся Усевалад Садоўскі. Канцоўка матчу азмрочылася бойкай гульцоў. Сяргей Кісляк абраніў на газон суперніка, які ў адплату нагой ударыў яго ў раён пахвіны. Пачалася бойка, Павел Савіцкі паклаў на газон славака. Падбег Эліс Бакай і схапіў за горла праціўніка. Гульцоў давялося разбараняць суддзям і запасным гульцам каманд. У выніку суддзя выдаліў гульца «Слована» і Сяргея Кісляка, але пры гэтым поле замест Кісляка пакінуў Эліс Бакай.

«Шахцёр» прайграў «Пясту» на зборах у Турцыі

Салігорскі «Шахцёр», які знаходзіцца на турэцкім зборы, правёў другі спарынг года і прайграў польскаму «Пясту» з лікам 0:2. У першым спарынгу «Шахцёр» абыграў сербскі «Спартак» – 2:0. 1 лютага „гарнякі» згуляюць супраць «Ахмата», а 4 лютага завершыцца праграма спарынгаў матчам з футбольным клубам «Вележ» з Босніі і Герцагавіны.

На прагляд у „Нёман” прыехалі два паўабаронцы і два форварды

Разам з гарадзенскім „Нёманам” на турнір „Белазавец” у Жодзіне адправіліся чатыры патэнцыйныя пачаткоўцы каманды. На прагляд прыехалі два паўабаронцы – кіргіз Эмір Шыгайбаеў і расіянін Арсэн Айрапецян, а таксама два нападнікі – бразілец Габрыель Пальмерэ Алвеш Безэра і яшчэ адзін расеец Алан Містулаў, – паведамляе сайт „Нёмана”.

«Манчэстар Сіці» саступіў «Манчэстар Юнайтэд», але выйшаў у фінал Кубка англійскай лігі

«Манчэстар Сіці» прайграў «Манчэстар Юнайтэд» у матчы ў адказ 1/2 фіналу Кубка англійскай лігі. Сустрэча праходзіла на стадыёне «Этыхад» у Манчэстэры і завяршылася з лікам 0:1. Аўтарам адзінага гола ў матчы стаў паўабаронца «чырвоных д’яблаў» Неманья Маціч. На 36-й хвіліне Фрэд зрабіў навес са стандартнага становішча з левага фланга атакі гасцей. Бярнарду Сілва вынес мяч на Маціча, і той ударам у дотык прабіў у блізкі кут брамы Клаўдыё Брава. Сустрэчу «Манчэстар Юнайтэд» завяршаў ўдзесяцёх з-за выдалення таго ж Маціча, які на 76-й хвіліне атрымаў паўторнае папярэджанне. У фінале Кубка ангельскай лігі «Манчэстар Сіці» згуляе з «Астан Вілай», якая па суме двух матчаў у другім паўфінале абыграла «Лестэр Сіці». „Ліверпуль” „усухую” перамог „Вэст Хэм” ў матчы 18-га тура чэмпіянату Англіі — 2:0 дзякуючы галам Салаха з пенальці і Окслейда-Чэмбэрлена. „Чырвоныя” лідыруюць у турнірнай табліцы з 70 ачкамі, каманда ў 24 турах святкавала 23 перамогі і аднойчы згуляла ўнічыю. У бліжэйшага пераследніка „Манчэстар Сіці” – 51 бал. У матчы 1/8 фіналу Кубка Іспаніі «Сарагоса» прымала мадрыдскі «Рэал» і прайграла з разгромным лікам 0:4. «Інтэр» абыграў «Фіярэнціну» у паўфінальным матчы Кубка Італіі 2:1. У паўфінале «Інтэр» сустрэнецца з «Напалі». У іншай пары згуляюць «Мілан» і «Ювентус».

Дамінік Цім абыграў Рафаэля Надаля і выйшаў у паўфінал „Australian Open”

Іспанец Рафаэль Надаль саступіў Дамініка Ціму ў чвэрцьфінале „Australian Open”. Аўстрыец перамог у чатырох сэтах 7:6, 7:6, 4:6, 7:6 і ўпершыню ў кар’еры прабіўся ў паўфінал турніру ў Аўстраліі.

З-за ўспышкі каранавіруса чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы пераносіцца на 2021 год

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, які павінен быў адбыцца ў сакавіку ў Кітаі, пераносіцца на 2021 год з-за ўспышкі каранавіруса. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міжнароднай федэрацыі (World Athletics). Спаборніцтвы павінны былі прайсці ў Нанкіне ў перыяд з 13 па 15 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя