„Цмокі” перамаглі „Парму”



У чарговым матчы адзінай лігі ВТБ менскія „Цмокі” прымалі на сваім паркеце расейскі клуб „Парма” з гораду Перм. Да гэтай гульні абедзве каманды былі ў групе клубаў, якія мелі па 4 ачкі і дзялілі месцы з 7-га па 11-е.

„Цмокі” з пачатку сустрэчы ўзялі „быка за рогі” і сталі дыктаваць свае ўмовы. Пасля першай паловы перавага менчукоў не выклікала сумневу. Цягам гульні розніца ў ліку сягала нават 16 пунктаў. Пасля трэцяй чвэрці ўсё было таксама адносна спакойна. А вось пачатак апошняга гульнёвага адрэзку стаўся для каманды Аляксандра Круцікава проста правальным. Дайшло да таго, што у чацвёртай чвэрці „Парма” выйшла наперад. У надзвычай нервовай канцоўцы з нерэалізацыяй супернікамі штрафных „Цмокі” урэшце змаглі дамагчыся чаканай вікторыі – 66:65 (22:11, 19:17, 15:16, 10:21). Самf выніковым у складзе менчукоў стаў ветэран каманды Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 12 ачкоў. 

Беларускі клуб выйшаў на 50% набраных ачкоў і узняўся ў турнірнай табліцы. Часова ён зараз ажно на 5-ым месцы. Свой наступны матч Адзінай лігі ВТБ „Цмокі” правядуць 5 лістапада на пляцоўцы „Мінск-Арэны” супраць казанскага Унікса, які выйграў усе тры папярэднія сустрэчы цяперашняга сезону.

Беларускае Радыё Рацыя